Адказаць на каментар

Радыё Свабода задала такое пытанне нядаўнім асуджаным ды колішнім турэмным начальнікам, а таксама з былым савецкім палітзняволеным.

Палітвязень Мікола Статкевіч, кандыдат у прэзідэнты ў 2010 годзе, быў арыштаваны адразу пасля выбараў падчас мірнай акцыі на Плошчы. Cёлета паплечнікі Статкевіча на свабодзе вырашылі зноў вылучыць яго, цяпер асуджанага Магілёўскай турмы, кандыдатам на прэзідэнта. Сярод тых, хто будзе ачольваць штаб у яго падтрымку нядаўні палітзняволены Мікалай Аўтуховіч і палітвязень савецкіх часоў Сяргей Ханжанкоў.

Жонка Статкевіча Марына Адамовіч патлумачыла "Свабодзе ў турмах", што яе муж "цудоўна разумее, што нам яшчэ толькі належыць змагацца за тое, каб у нас былі выбары, а не так званая электаральная кампанія. Каб мы маглі выбіраць. Ён, уласна кажучы, за гэта і змагаўся і ў мінулай кампаніі. І сёння ён у турме менавіта дзеля таго, каб гэты выбар у нас быў".

...Магілёвец Генадзь, у мінулым вязень Бабруйскай папраўчай калоніі № 2. Быў асуджаны на чатыры гады за "хуліганку", але быў вызвалены праз два гады па амністыі.

Паводле яго словаў, багата сядзельцаў не цураюцца палітыкі, дыскутуюць на палітычныя тэмы, чытаюць газеты, у тым ліку незалежныя. Калі гаварыць пра іх стаўленне да выбараў, то, як мяркуе Генадзь, вызваліўшыся, яны наўрад ці прагаласуюць за дзейнага прэзідэнта. Ці падтрымаюць яны кампанію Статкевіча або прагаласуюць за каго іншага, суразмоўца акрэсліць ня змог.

Генадзь кажа, што ў калоніі ён сядзеў у адзін час з Алесем Бяляцкім.

Але як і многія іншыя ЗК, на кантакты з ім не наважваўся, бо адміністрацыя імкнулася ўсяляк ізаляваць гэтага праваабаронцу ад іншых. Былы асуджаныя сцвярджае, што зняволеныя нярэдка абмяркоўвалі лёс Бяляцкага і нічога кепскага пра палітвязня не казалі:

"Нармальны мужчына, усе казалі. Але хто з ім пагаварыў – гэта адразу дзесяць сутак у ШЫЗА. Так і выходзіць, што ён быў фактычна ў ізаляцыі. Там жа стукануць, і ня будзеш ведаць, хто і калі. Адміністрацыя будзе ведаць умомант... Як толькі ў 2014 годзе выйшла амністыя, яго тут жа з зоны прыбралі. Адміністрацыі было нявыгадна, што ён сядзеў у іх. Пра яго ж ніхто не забываў. У кожнай газеце, што мне прыходзіла, пра яго пісалі".

Газеты, якія дасылалі Генадзю ў калонію, як ён кажа, разыходзіліся па руках. Асуджаныя з ахвотаю іх чыталі:

"Сам пачытаў і даў другому. Гэтак і пайшло. Каму яшчэ што прыйшло, мне далі. Чыталі з ахвотай. Мне жонка дасылала "Народную волю", "Свободные новости".

"Палітыкай асуджаныя дужа цікавіліся, – працягвае Генадзь. – Дужа шмат гаварылі пра наш беларускі лад. Пра Аляксандра Рыгоравіча. Пра ягонае атачэнне. Гаварылі заўжды з толкам. Выбіралі тэму і дыскутавалі. Тэлевізар на зоне даюць глядзець, дык навіны былі на першым месцы. Нават калі нейкі фільм быў, то казалі – глядзім навіны. Цікавяцца становішчам у краіне працэнтаў 90 асуджаных. Вось цяпер будуць прэзідэнцкія выбары, то я ўпэўнены, зняволеныя ведаюць, што іх ужо „зрабілі“. Гаварылі, што ўсе кандыдаты ў прэзідэнты пасля выбараў траплялі за краты. Вось і ўся наша палітыка...Ад улады ніхто ж не адмовіцца. Чалавек жа 20 гадоў добра еў, добра спаў. Без бою яе не аддадуць..."

З зоны, – дадае Генадзь, – выразней відаць, хто пра што думае і кажа. Словам Лукашэнкі ён ня верыць.

Адрозна ад Генадзя, Сяргей сядзеў у калоніі для паўторна асуджаных у Івацэвічах. У адзін час разам з ім там утрымліваўся палітвязень Мікола Аўтуховіч. Паводле Сяргея, палітыкай сярод тамтэйшых сядзельцаў цікавілася прыкладна траціна. Гэтыя імкнуліся пайсці на кантакт з Мікалаем. Астатнія ж або абсалютна нічога ня ведалі ды не імкнуліся нічога ведаць, або проста баяліся гаварыць пра палітыку. Многія глыбока расчараваліся ў "палітычных", якія падавалі прашэнні аб памілаванні.

"За кратамі, як і на волі вельмі многія баяцца, што заўсёды можа быць горш, – кажа Сяргей. – Я ж бачыўся з Міколам кожны дзень. Шмат людзей звярталася, якія хадзілі да яго, прасілі Аўтуховіча аб дапамозе. Калі Мікола „ўскрыўся“, ён быў кінуты ў ШЫЗА. Нашы камеры былі побач і ўвечары мы размаўлялі з ім „праз трубу“. Магу сказаць, што гэта вельмі годны і вельмі мужны чалавек".

Жыхар Салігорску Аляксандар Бут-Гусаім 15 гадоў таму быў асуджаны на пажыццёвае зняволенне (ПЗ). Яму адзінаму з "пэзэшнікаў" удалося дамагчыся перагляду сваёй справы ды змены прысуду. У калоніі ў Наваполацку ён пазнаёміўся з кандыдатам на прэзідэнта Андрэем Саннікавым. Кажа, што знаёмства з ім было адным з найбольш яркіх ды пазітыўных уражанняў падчас адседкі. І нават тое, што былы кандыдат на прэзідэнта напісаў прашэнне на імя свайго праціўніка Лукашэнкі, ніколькі гэтага ўражання не сапсавала. Хто бываў на зоне, ведае, як адміністрацыя можа нацкоўваць "блатных" на прыстойных людзей, каб прынізіць іх ды стварыць ім невыносныя ўмовы, кажа колішні асуджаны на ПЗ.

Былы начальнік "Валадаркі" ды калоніі строгага рэжыму ў Навасадах Алег Алкаеў кажа, што пры ім ў менскім СІЗА сядзелі палітвязні: Чыгір, Лявонаў, Клімаў, Статкевіч, Кудзінаў, Шчукін. З некаторымі ён працягвае сустракацца і цяпер:

"Асабістае ўражанне ад "палітычных"? Нармальныя людзі. Яны ўсведамлялі, што трапілі ў турму. Іншая справа – за што? Як начальнік турмы я з імі праблемаў ня меў. Але ва ўсім свеце ў задачу адміністрацыі турмы не ўваходзіць унікаць у следчыя праблемы, рабіць рэвізію, правільна гэты вязень сядзіць ці не. Гэтага чамусьці ня можа зразумець наша грамадзянская супольнасць.

Мяне многія пытаюцца пра катаванні ў дачыненні да палітвязняў. Я бы назваў гэта інакш – здзек. Палітычныя як першаходы прыгнечаныя нават не турэмным бытам, а тымі ўмовамі, нярэдка спецыяльна створанымі, калі прыніжаецца чалавечая годнасць. І гэта віна цяперашняй адміністрацыі, якая выконваючы загад зверху, ідзе на розныя парушэнні, каб зламаць вязня, прымусіць яго пакаяцца. Тыя, хто некага забіў, згвалтаваў, нешта скраў, будуць маўчаць, калі, напрыклад, на той жа расцяжцы іх у парушэнне ўсякіх інструкцый пратрымаюць не хвіліну, а дваццаць, бо вінаватыя... А ў палітычных, якія нічога такога не ўчынілі, гэтыя супрацьпраўныя дзеянні выклікаюць незадаволенасць...Я б сёння ставіў пытанне адносна судоў. У нас няма незалежнага суду. Корань зла – у несправядлівым прысудзе. Тыя ж Статкевіч, Саннікаў, Някляеў, Міхалевіч – людзі, якія трапілі за краты ні за што", – перакананы былы галоўны беларускі турэмнік.

Згодна з ацэнкамі праваабарончага цэнтру "Вясна", сёння ў беларускіх вязніцах утрымліваецца шэсць палітвязняў: Мікола Статкевіч, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Мікола Дзядок, Арцём Пракапенка, Юры Рубцоў. Тым часам некаторыя іншыя беларускія праваабаронцы настойваюць на далучэнні да гэтага спісу найменей двух зняволеных Андрэя Бандарэнкі ды Міхаіла Жамчужнага.

Чаму паняцце "палітвязень" у наш час настолькі не акрэслена, што заўсёды ўзнікаюць спрэчкі ў сувязі з колькасцю такіх асуджаных? Каго лічаць "палітвязнямі" былыя савецкія палітзняволеныя?

Журналіст Радыё Свабода, маскоўскі праваабаронца ды палітвязень брэжнеўскіх часоў Аляксандр Падрабінэк, які ў перыяд 1970-1980 быў двойчы судзімы за "распаўсюд заведама ілжывых выдумак, якія ганьбяць савецкі дзяржаўны ды грамадскі лад" і адбываў пакаранне ў лагерах паўночна-усходняй Сібіры ды Якуціі, сведчыць, што гэтаксама як і ў Беларусі, у Расіі ды шэрагу іншых постсавецкіх краін маецца шмат блытаніны вакол пытання дэфініцыі, каго называць палітвязнямі. Адбываецца гэта з-за таго, што паняцце “палітвязень” яшчэ са старых, нават дасавецкіх (расійска-імпэрскіх) часоў было акружана арэолам гераізму.

Паводле Аляксандра Падрабінэка, нават у савецкі час, “калі да палітвязняў адназначна ставіліся як да людзей, якіх трэба абараняць, таксама ня ўсё было з усімі ясна. Бывала, што людзей саджалі па крымінальных артыкулах. – фарцоўка, валюта, хуліганка – усё што заўгодна. Часам гэта было абгрунтавана, часам – не. Часам гэта было прыдумана самімі людзьмі”. Напрыклад, у крымінальных лагерах людзі, якія, кажучы цывільнай мовай, павялі сябе няправільна і баяліся помсты з боку зладзейскага закону. Яны выколвалі сабе на ілбе, напрыклад, татуіроўку "Раб КПСС". Гэта быў спосаб сысці з крымінальнага свету ў палітычны, бо ім тады давалі артыкул 70 КК СССР ("антысавецкая агітацыя і прапаганда"). Але ж дысідэнцкая супольнасць не лічыла такіх палітвязнямі. Дарэчы, і цяпер ёсць тыя, якія ўчыніўшы цяжкія крымінальныя злачынствы, настойваюць, што іх пасадка мае палітычную падаплёку, што гэта помста ўладаў, і г.д.

Як перакананы былы савецкі палітзняволены, "палітвязнем трэба называць чалавека, які асуджаны па палітычных матывах, незалежна ад таго, што гэтыя матывы сабой уяўляюць".

На пытанне, чаму расейскі ды беларускі кіраўнікі ўсё ж баяцца прызнаць наяўнасць прысудаў па "палітычных матывах" ды заявіць, што гэтыя асуджаныя не крымінальнікі, а пакараныя паводле артыкула накшталт савецкага 70-га, Аляксандр Падрабінэк адказвае:

"Я думаю, што такіх кіраўнікоў як Лукашэнка ды Пуцін гняце мінулае. Бо ў мінулым, у СССР, лічылася, што сістэма практычна ідэальная, што людзей, якія хочуць змяніць палітычны лад, – іх проста ня можа быць наагул. Абодва паўтараюць тое, што казалі савецкія кіраўнікі ў тыя гады, калі ім таксама на міжнародных сустрэчах упікалі, што „ў вас вунь колькі лагераў палітвязняў”. Яны адказвалі: “Не, гэта не палітвязні, гэта людзі, асуджаныя паводле Крымінальнага кодэксу”. І яны тут як бы нават ня вельмі хлусілі. Бо ў нас іншага кодэксу, паводле якога маглі пасадзіць у турму ды прызначыць крымінальнае пакаранне, не было. Пытанне ж у тым, што сабой уяўляюць тыя крымінальныя абвінавачанні. І вось тут нашы ўлады і ў Савецкім Саюзе хітравалі, і Пуцін з Лукашэнкам хітруюць, калі кажуць, што палітвязняў няма. Таму што істотная ня тая фармальная акалічнасць, што асуджаныя паводле КК, а тая сутнасная акалічнасць, за што менавіта яны асуджаныя".

"Ці ёсць розніца паміж цяперашнім ды савецкім часам? Так, і яна велізарная, – працягвае былы савецкі палітзэк. – Але бяда ў тым, што гэтая розніца ўвесь час скарачаецца. Важная ж не абсалютная велічыня, а вектар развіцця – куды мы ідзем. Мы можам ісці вельмі марудна, але, галоўнае, у той бок, у які трэба. Мы ж ідзём даволі хутка, і ня ў той бок, у які трэба, а ў процілеглы".

Палітвязень хрушчоўскіх часоў, мінчук Сяргей Ханжанкоў, які ў 1963 быў асуджаны на дзесяць гадоў лагераў (Мардовія) за "спробу зрабіць дыверсію" і "антысавецкую агітацыю і прапаганду" таксама перакананы, што ў Беларусі, як і ў Расеі "яшчэ не пераадолелі камуністычнага мінулага":

“Нібыта на словах мы адмовіліся ад камунізму, але на справе – не. Таму што тая ж рэпрэсіўная сістэма, тая ж дыктатура, адсутнасць канкурэнцыі ўва ўсім – у эканоміцы, у палітыцы. Тое, што было і пры савецкай уладзе. А калі не паставіць правільны дыягназ, то як тады лячыць хваробу? Тут, па-мойму, самае галоўнае засяродзіцца на гэтым.

Што да пытання, каго ў Беларусі можна называць палітвязнямі... Крытэры ёсць. Гэта людзі, каторыя сядзяць за свае перакананні, за спробы ўвасобіць іх у жыццё. Саджаць за гэта цалкам ненармальна. Усе, хто ў нас цяпер сядзіць паводле гэтых крытэраў, яны ўсе палітзняволеныя, безумоўна”.

“Як ні сумна, – працягвае Сяргей Ханжанкоў, – мы вельмі моцна залежым ад Расеі. Дакладней ад пуцінскага новаімперскага рэжыму, які там існуе. Калі зменіцца рэжым у Расеі, дай Бог, то ўсё пойдзе зусім іншым шляхам. Цяпер жа ёсць магчымасць для ўсякіх авантурыстаў тыпу Лукашэнкі займаць такую пазіцыю: ні нашым, ні вашым. Маўляў, мы ня ў складзе Расеі, мы самастойныя. Насамрэч гэта проста ягоная вотчына. І пры гэтым, канечне, непазбежныя палітзняволеныя, гэта абавязкова, таму што ён ня можа “пускаць насамацёк”. Ён будзе іх адлоўліваць па меры з’яўлення. Але гэта, вядома, ня сталінскі рэжым, там бралі ні за што людзей. І расстрэльвалі. Цяпер такога няма. Цяпер прагматызм. Не перашкаджайце мне, і я ня буду вас саджаць, няхай жыць будзеце беднавата, але гэта ўжо ня самае страшнае”.

– Сёння нярэдка можна пачуць, што цяперашнія палітвязні слабейшыя духам за савецкіх, што яны ламаюцца ў зонах і, выйшаўшы на волю, баяцца (калі яны не эмігравалі, а засталіся дома) нават і рот раскрыць...

Тыя ж палітвязні савецкіх часоў, адматаўшы вялікія тэрміны, выходзілі на волю і ня думалі мяняць сваіх перакананняў, за якія былі асуджаныя... Былыя беларускія палітвязні, якіх вы ведаеце, яны застаюцца са сваімі перакананнямі, не мяняюць сваёй пазіцыі?

Ханжанкоў: "Не, не застаюцца. Але прычыны тут больш глыбокія, справа не ў асобе. Проста людзі, якія там пабывалі , яны пераконваюцца, што гэта ўсё пакуль несвоечасова. Іх не падтрымліваюць. Гэта ўсё роўна, што лбом прабіваць сцяну... Тым больш у беларускіх палітвязняў усё замыкаецца на коле пытанняў, якія зусім не хвалююць масы беларускага народу, калі можна так сказаць. Яны вельмі падобныя да нейкай секты. Што ня ёсць добра. Таму яны паступова ціхенька адыходзяць убок. Казулін, некаторыя іншыя, тая моладзь, якая прайшла праз арышты...Чалавек неабавязкова ламаецца, ён проста адыходзіць убок і дае праявіць сябе іншым... Такіх прыкладаў шмат ня толькі ў наш час і ў нашай гісторыі. Тая ж расійская рэвалюцыя. Пакуль для тых жа бальшавікоў удала ня склалася кан’юнктура, яны таксама былі ўсе адышлі. Ленін жа быў за мяжою. Нават ня марыў аб нейкай рэвалюцыі ў Расіі...

Каб сёння пашыраўся дэмакратычны рух, з’яўляліся партыі – то зусім іншая справа, былыя палітвязні былі б на месцы... Каб нармальныя палітычныя ўмовы, то чаму б некаму з іх ня стаць лідэрамі? Знайшліся б лідэры, канечне".
 

Адказ

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку