Адказаць на каментар

Юрыст Павел Сапелка ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары» раскрывае пытанне аб неабгрунтаваным абмежаванні права ўдзельнічаць у выбарах асуджаных і зняволеных следчых ізалятараў.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, у выбарах не ўдзельнiчаюць асобы, якiя ўтрымлiваюцца па прысудах суда ў месцах пазбаўлення волі. У галасаванні не прымаюць удзел асобы, у адносiнах да якiх у парадку, устаноўленым крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, выбраная мера стрымання - утрыманне пад вартай. Пазбаўленне канстытуцыйнага права ўсіх асуджаных да пазбаўлення волі, а тым больш падазраваных і абвінавачаных, прадстаўляецца ў дачыненні да асуджаных неабгрунтаваным, а ў дачыненні да тых, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай да вынясення прысуду - яшчэ і незаконным.

Асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай у чаканні прысуду з'яўляюцца па вызначэнні паўнапраўнымі грамадзянамі, абмежаванымі толькі ў асабістай свабодзе. Падследныя зняволеныя згодна з прэзумпцыяй невінаватасці лічацца невінаватымі, і да іх, у адпаведнасці з нацыянальнымі законамі і міжнароднымі дамовамі, варта ставіцца адпаведна.

У прыватнасці, Прынцып 36 Збору прынцыпаў абароны ўсіх асоб, якія падвяргаюцца затрыманню або заключэнню ў якой бы там ні было форме (Прыняты рэзалюцыяй 43/173 Генеральнай Асамблеі ААН ад 9 снежня 1988 году), абвяшчае: "затрыманая асоба, якая падазраецца, або абвінавачаная ў здзяйсненні крымінальнага злачынства, лічыцца невінаватай і мае права на зварот з ім як з такім да таго часу, пакуль яго вінаватасць не будзе даказаная згодна з законам падчас адкрытага судовага разбіральніцтва, на якім бы яна валодала ўсімі гарантыямі, неабходнымі для сваёй абароны. Арышт або затрыманне такой асобы на перыяд правядзення следства і судовага разбору ажыццяўляецца толькі ў мэтах адпраўлення правасуддзя на падставах і ў адпаведнасці з умовамі і працэдурамі, усталяванымі законам. Забараняецца ўвядзенне абмежаванняў у дачыненні да такой асобы, у якіх няма непасрэднай неабходнасці з пункту гледжання мэтаў затрымання або ліквідацыі перашкод для ходу расследавання або адпраўлення правасуддзя, або падтрымання бяспекі і парадку ў месцы затрымання".

Складаней выглядае справа з правам удзелу ў выбарах асуджаных зняволеных, аднак і па гэтым пытанні ўжо ёсць цалкам пэўная пазіцыя: кіруючымі прынцыпамі адносна выбараў (прынятыя Венецыянскай камісіяй на 51-й пленарнай сесіі, Венецыя, 5-6 ліпеня 2002 г.) улічана, што могуць быць прадугледжаны падставы для прыпынення дзеяння палітычных правоў. Разам з тым такія падставы павінны адпавядаць звычайным умовам, пры якіх можа здзяйсняцца абмежаванне асновапалагаючых правоў. Іншымі словамі, яны павінны:

 

  • быць прадугледжаныя ў законе;
  • адпавядаць прынцыпу прапарцыянальнасці;
  • грунтавацца на вынясенні крымінальнага прысуду за сур'ёзнае правапарушэнне.

Умовы пазбаўлення фізічных асоб права быць абранымі могуць быць менш жорсткімі, чым ўмовы іх пазбаўлення права абіраць, паколькі ў дадзеным выпадку гаворка ідзе аб заняцці грамадскай пасады, і рашэнне пазбавіць тую ці іншую асобу, дзеянні якой на гэтай пасадзе маглі б прывесці да парушэння больш важкіх грамадскіх інтарэсаў, права быць абраным на гэтыя пасады, магло б стацца цалкам законным.

Самае важнае з таго, што ўстаноўлена па разглядаемым пытанні Кіруючымі прынцыпамі, заключаецца ў тым, што пазбаўленне той ці іншай асобы палітычных правоў дапускаецца толькі па прамым рашэнні суда.

Між тым, чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. (Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь). Так, артыкул 2 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах устанаўлівае, што «кожная Дзяржава, якая ўдзельнічае ў гэтым Пакце абавязваецца паважаць і забяспечваць усім асобам, якія знаходзяцца ў межах яе тэрыторыі і пад яе юрысдыкцыяй правы, якiя прызнаюцца ў гэтым Пакце, без якога б там ні было адрознення , як-то ў адносінах расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных і іншых перакананняў, нацыянальнага або сацыяльнага паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння ці іншых абставін». У адпаведнасці з артыкулам 25 Пакта, «кожны грамадзянін павінен мець без якой бы там ні было дыскрымінацыі, памянёнай ў артыкуле 2, і без неабгрунтаваных абмежаванняў права і магчымасць: галасаваць і быць абраным на сапраўдных перыядычных выбарах, якія здзяйсняюцца на аснове ўсеагульнага роўнага выбарчага права пры таемным галасаванні і якія забяспечваюць свабоднае волевыяўленне выбаршчыкаў".

Камітэт па правах чалавека ААН у заўвагах агульнага парадку № 21 (1992) «Артыкул 10» паказаў, што «асобы, пазбаўленыя свабоды, карыстаюцца ўсімі правамі, што абвешчаны ў Пакце, з улікам абмежаванняў, непазбежных для жыцця ў няволі».

У выніковай справаздачы Місіі па назіранні за выбарамі БДІПЧ / АБСЕ (па выніках парламенцкіх выбараў у Беларусі 2012 года) адзначана, што адмова ў прадастаўленні права галасаваць грамадзянам, якія знаходзяцца ў папярэднім зняволенні, супярэчыць прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці, замацаванаму ў параграфе 5, 19 Капенгагенскага Дакумента АБСЕ 1990 года, а таксама ў артыкуле 26 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Пазбаўленне выбарчых правоў усіх грамадзян, якія адбываюць турэмнае пакаранне, паказвае на адсутнасць прапарцыйнасці і таксама супярэчыць прынцыпам 7.3 і 24 Капенгагенскага Дакумента АБСЕ 1990 года і іншым міжнародным стандартам. У прыярытэтныя ўключана рэкамендацыя аб тым, што «адмова ў праве галасаваць або выступаць кандыдатам грамадзянам, якія знаходзяцца ў турэмным зняволенні або дасудовым утрыманні пад вартай, у незалежнасці ад цяжару злачынства, варта выключыць з заканадаўства. Любыя абмежаванні правоў выбаршчыка і кандыдата павінны быць прапарцыйныя і выразна апісаны ў заканадаўстве».

З улікам усяго выкладзенага, неабходна неадкладна выключыць з Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Выбарчага кодэкса палажэнні, якія абмяжоўваюць выбарчае права асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай да вынясення прысуду, а таксама прадпрымаць крокі па выключэнню неабгрунтаванай дыскрымінацыі тых, хто адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі па прысуду суда. Магчыма абмежаванне выбарчых правоў толькі за цяжкія злачынствы супраць дзяржавы, якое неабходна прадугледзець у якасці асобнага ў крымінальным заканадаўстве.

Працэдура прыняцця такога рашэння не ўяўляе вялікай складанасці для беларускага парламента: закон аб унясенні змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь можа быць прыняты пасля двух абмеркаванняў і адабрэнняў Нацыянальным сходам з прамежкам не менш за тры месяцы большасцю не менш 2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат Нацыянальнага сходу. Пасля ўнясення змяненняў у Канстытуцыю нішто не перашкаджае ўнесці адпаведныя змены і ў Выбарчы кодэкс.

Паводле spring96.org

Адказ

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку