Адказаць на каментар
Сёлета ў намінацыі “асоба” ўзнагародзілі вядомага бунтара, змагара з несправядлівасцю Валерыя Шчукіна. У намінацыі “журналіст года” адзначаны журналіст "Еўрарадыё" Зміцер Лукашук. Праваабаронцам года абраны намеснік кіраўніка ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч.
У арганізацыі мерапрыемства ўзялі ўдзел Камітэт “Салідарнасць”, ПЦ “Вясна”, Праваабарончы альянс, ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, Дом правоў чалавека, Цэнтр па правах чалавека, Дакументацыйны цэнтр, паведамляе НЧ. Імпрэза праходзіла ў галерэі "Ў".
“Сёлета мы трошкі змянілі рэгламент падтрымкі намінантаў: галасавалі толькі тыя, хто удзельнічаў у паседжанні. Гэта надае больш адказнасці за рашэнне. Гэтым разам у галасаванні за намінантаў прымалі ўдзел Раман Кісляк, Сямён Печанко, Раіса Міхайлоўская, Жана Літвіна, Людміла Гразнова, Таццяна Рэвяка, Ірына Пракопчык, Тамара Сідарэнка і Алёна Панкратава”, - адзначыла ва ўступным слове заснавальніца праваабарончай прэміі Людміла Гразнова.
ДАВЕДКА:
- Прэмія (тады называлася “Праваабарончы конкурс”) заснавана ў 2008 годзе “Праваабарончым Альянсам” (Першымі лаўрэатамі сталі Барыс Звозкаў, Тамара Сідарэнка, Сямён Печанко).
- Лаўрэаты 2009 года — Раман Кісляк, Павал Сапелка, Алег Груздзіловіч.
- У 2011 годзе да падрыхтоўкі штогадовай імпрэзы і вызначэння лаўрэатаў (яе сталі называць “праваабарончая прэмія”) далучыўся шэраг іншых структур. Лаўрэатамі тады сталі Алесь Бяляцкі, Дар’я Ліпкіна і Марына Кавалеўская (адвакаты), Юлія Дарашкевіч ды Уладзь Грыдзін.
- Лаўрэаты 2012 года — Любоў Кавалёва (праваабаронца), Аліна Шостак і Альвіна Дрыго (адвакаты), Андрэй Пачобут (журналіст).
- У 2013 годзе лаўрэатамі сталі Андрэй Бандарэнка, Гары Паганяйла, праграма Белсат “Маю права”.
- Лаўрэатамі 2014 года сталі Алена Танкачова (“праваабаронца года”), Людміла Казак (“адвакат года”). У намінацыі журналіст года адзначаны Алена Панкратава з Радыё Свабоды і Ірына Пракопчык з сайту ПЦ “Вясна”.