Адказаць на каментар
Сёння, 10 снежня адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека. Паводле ацэнак праваабаронцаў, праблема выканання правоў чалавека па-ранейшаму актуальная для Беларусі.
У той жа час апытаныя у сталіцы Беларусь людзі прадэманстравалі збольшага невялікую абазнанасць у правах чалавека і іх значэнні для цывілізаванага грамадства.
Відэаапытанка ад Новага Часу
Як паведамляе “Наша Ніва”, беларускія праваабаронцы заклікаюць Еўрасаюз дамагчыся ад уладаў Беларусі сур'ёзных гарантый выканання правоў чалавека да прыняцця рашэння па санкцыях у лютым 2016 года. Адпаведны ліст накіравалі ў пачатку снежня міністрам замежных спраў краін ЕС Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (FIDH) і закрыты беларускімі ўладамі праваабарончы цэнтр «Вясна». Яны мяркуюць, што, «нягледзячы на некаторыя пазітыўныя тэндэнцыі ў сферы правоў чалавека, якія назіраюцца са жніўня 2015 года, у цэлым якіх-небудзь сістэмных зменаў, накіраваных на паляпшэнне сітуацыі ў гэтай сферы, не назіраецца».
Міжнародны дзень правоў чалавека прымеркаваны да гадавіны прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Гэты дакумент быў прыняты Генеральнай асамблеяй ААН 10 снежня 1948 года і стаў агульнай нормай, да дасягнення якой павінны імкнуцца народы ўсіх краін. Дэкларацыя абвяшчае правы асобы, грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды — роўнасць усіх перад законам, права кожнага на свабоду і асабістую недатыкальнасць, свабоду сумлення і іншыя. Усе людзі, згодна з дэкларацыяй, маюць роўныя правы незалежна ад іх асобасных адрозненняў і розніцы ў палітычных сістэмах іх краін.