Адказаць на каментар
Жыццё Валерыя Сядова абаравалася 10 сакавіка, імаверна ў выніку інфаркту. За пяць дзён да скону яму споўнілася 64 гады.
Валерый Сядоў нарадзіўся ў Грузіі, меў рускае паходжанне. Ён працаваў у Інстытуце філасофіі Акадэміі навук БССР. У канцы 1980-х падтрымаў беларускі адраджэнскі рух, быў актывістам БНФ "Адраджэнне". Восенню 1990 года на Сядова распачалі крымінальную справу. 7 лістапада, падчас шматтысячнага антыкамуністычнага мітынгу ў Мінску ён залез на помнік Леніну перад Домам ураду і павесіў на яго целагрэйку зэка ГУЛАГу з крыжом, абматаным калючым дротам. Праз паўгода яго затрымалі і пасадзілі ў следчы ізалятар. За кратамі Сядоў правёў 70 дзён, больш за 30 з якіх галадаў.
У 2011 годзе Валерый Сядоў адбываў 12 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі ў падтрымку палітвязняў. З таго года жыў у Варшаве, вучыўся па праграме Каліноўскага ў дактарантуры ўніверсітэта Вышынскага.
У адным са сваіх апошніх інтэрв’ю Валеры Сядоў казаў: “Вось пры камуністах я галадаў. Але калі зараз мяне возьмуць у турму, я галадаць ня буду.Таму што гэты рэжым ня варты таго, каб я галадаў”.
Цяпер вырашаецца пытанне дастаўкі цела Валерыя Сядова ў Беларусь.
Супрацоўнікі камітэта “Салідарнасць” шчыра смуткуюць з нагоды смерці Валерыя Сядова і выказваюць глыбокія спачуванні ягоным сваякам.