Адказаць на каментар

Брэсцкія праваахоўнікі перапісваюць пашпартныя звесткі тых, каго ідэнтыфікуюць як аматараў футболу.
Пад раздачу трапіў журналіст Еўрарадыё, які меў пры сабе сімволіку футбольнага клуба.
«Што вы рабілі ў Брэсце? Былі на футболе? Вы адзін ездзілі альбо з кімсьці? Адзін? А вы балельшчык альбо фанат? Буйны балельшчык альбо нармальны? Дакументы давайце», — такія словы пачуў журналіст ад праваахоўнікаў, калі вяртаўся цягніком ў Мінск.
Міліцыянеры дастаюць сшытак і старанна перапісваюць у яго нумар пашпарта, адрас рэгістрацыі, пытаюцца пра адрас фактычнага пражывання. На пытанні, навошта ўсё гэта ім трэба, не адказваюць.
«А што ты хацеў, трэба было машынай ехаць, а не цягніком. Мы заўсёды шыфруемся. І шалік клубны хавай, каб міліцыя не бачыла», — прыкладна такія парады даюць бывалыя балельшчыкі ў фэйсбуку. Іншыя каментатары жартуюць. Маўляў, вітаем у секце, цяпер ты афіцыйна зарэгістраваны фанат.
Журналіст спрабуе высветліць, навошта брэсцкай міліцыі мае асабістыя дадзеныя і што яна збіраецца з імі рабіць. Званю наўпрост кіраўніку Аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Брэсцкага аблвыканкама Сяргею Дучэнку. Ён пераконвае, што ўсё нармальна:
«У нас ёсць унутрыведамасны нарматыўны дакумент МУС, які абавязвае супрацоўнікаў міліцыі праводзіць суправаджэнне балельшчыкаў на разнастайных відах транспарту. На чыгуначным і аўтамабільным. Гэта робіцца для таго, каб супрацьстаяць магчымым канфліктам, для бяспекі саміх балельшчыкаў», — расказваюць мне ў міліцыі Брэста.
Сяргей Дучэнка таксама супакойвае. Гаворыць, што перапісаныя міліцыянтамі мае асабістыя дадзеныя не трапяць у трэція рукі. Гэта трэба выключна для таго, каб зверыць са спісамі фанатаў, якія ў міліцыю перадаюць самі клубы, а таксама прасачыць, каб я дабраўся дадому цэлым і ў поўнай бяспецы.
Ці верыць у выключна добрыя намеры міліцыянтаў — вырашайце самі. Але калі раптам надумаеце паехаць на футбол у іншы горад, абавязкова вазьміце з сабой пашпарт. Мала што можа здарыцца.