Адказаць на каментар
Праваабаронцы заклікаюць падтрымаць Дзмітрыя Паліенку лістом альбо паштоўкай. Сёння, 26-га мая маладзёну спаўняецца 22 гады.
Ліставаць можна на адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.
Некаторыя неабыякавыя людзі маюць намер у дзень народзінаў Дзмітрыя зладзіць пікет салідарнасці каля Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра.
Нагадаем, раварыст і актывiст Дзмітры Палiенка 29 красавіка прыняў удзел у бяскрыўднай веласіпеднай акцыі “Крытычная маса”. Міліцыянты схапілі раварыстаў, калі яны нібыта парушылі правілы дарожнага руху. На аднаго з удзельнікаў велазаезду Дзмітрыя Паліенку завялі крымінальную справу. Ён падазраецца паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу ("Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў"), якім прадугледжваецца да 6 гадоў зняволення.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" выступіў з заявай з нагоды ўтрымання пад вартай удзельніка “Крытычнай масы” Дзмітрыя Паліенкі, у якой адзначылі непрапарцыйнасць ужывання гвалту ў дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі пры спыненні акцыі і затрыманнях, непрапарцыйнасць меры пераследу сацыяльнага актывіста Дзмітрыя Паліенкі ў выглядзе ўтрымання пад вартай за падзеі 29 красавіка 2016 года, а таксама патрабавалі вызвалення маладзёна да суда.