Адказаць на каментар

Наша Ніва прэзентуе гісторыі людзей людзей, якія з’ехалі вучыцца за мяжу і вярнуліся. Прапануем гутарку з некалі студэнтам-каліноўцам Яўгенам Гладкім.

Яўген Гладкі. Працуе менеджарам у IT-кампаніі. Нарадзіўся ў мястэчку Узда. У Каледжы аб’яднанага свету (UWC) навучаўся ў 2000—2002 гадах, у Нарвегіі.

«Наша Ніва»: Як вы трапілі ў Каледж аб’яднанага свету?

Яўген Гладкі: Выпадкова. Я з тых часоў, калі ў Беларусі карысталіся Напстэрам, аналагам сённяшняга App Store, а інтэрнэт быў толькі праз дыялап.

Байфлая тады не існавала. Мне падаецца, у Мінску ў той час былі два пункты інтэрнэту: на Галоўпаштамце, дзе я пісаў свой першы ліст у UWC, і ў штаб-кватэры Беларускага саюза моладзі на Карла Маркса, 40.

Зразумела, пра UWC не было як даведацца праз інтэрнэт. Але плюс у тым, што абвесткі аб наборы друкаваліся ў звычайных газетах: «Настаўніцкай», «Звяздзе» і іншых. Тады яшчэ не быў зачынены Коласаўскі гуманітарны ліцэй, на базе якога праводзіўся адбор.

Карацей, я даведаўся менавіта праз газету. У мяне маці настаўніца, сказала мне: «Зірні, якая цікавая магчымасць, чаму б табе не паспрабаваць». Я паспрабаваў, у мяне атрымалася. У той год адпраўлялі ў Індыю, Італію і Нарвегію. Я паехаў у Нарвегію.

«НН»: Што новага вы там для сябе адкрылі?

ЯГ: Усё. Я сам паходжу з невялікага мястэчка Узда, што пад Мінскам, за 60 кіламетраў. Зразумела, там зусім іншыя сацыяльныя і культурныя паводзіны. Беларускія мястэчкі — гэта ўсё ж такі дастаткова кансерватыўныя месцы. І я быў дастаткова кансерватыўным чалавекам.

Чым добрае UWC? На першае месца я б паставіў досвед праз людзей. У нас былі прадстаўнікі 80 ці нават больш краін свету. Можаце ўявіць, колькі гэта моваў, колькі розных культурных асаблівасцяў, колераў скуры, рэлігій.

Калі ты з маленькага беларускага мястэчка, нават нягледзячы на тое, што ты шмат чытаеш, лічыш сябе дастаткова дасведчаным чалавекам, усё адно атрымліваеш неверагодны культурны шок: «Нішто сабе!» Новы дзіўны свет. Менавіта гэта я б паставіў на першае месца. Вось гэты досвед, гэтае «ваў» праз людзей.

Другое вынікае з першага. Калі ты не толькі бачыш шмат розных людзей, але і робіш з імі супольную справу. Вы разам займаецеся, танчыце на вечарынах, да дзяўчат заляцаецеся… Атрымліваецца, што ты бачыш чалавека, разумееш яго культуру, а пасля ты з гэтым чалавекам яшчэ робіш супольную справу. І вось гэта я лічу найлепшым у адукацыі. Магчымасць зразумець, што на іншай частцы свету жыве такі самы чалавек. У яго можа быць іншы колер скуры, іншая рэлігія, але гэта такі самы падлетак, як і ты, што захапляецца тымі самымі рэчамі. Гэта было цікавым, добрым, карысным адкрыццём.

Каледжы аб’яднанага свету былі заснаваныя на ідэалах сацыяльнай адказнасці. Мы, розныя дзеці з розных краін свету, прапускалі праз сябе тое, што адбываецца ў свеце. Мы ладзілі імпрэзы, абмяркоўвалі палітычныя дзеянні, культурныя дзеянні ў свеце. Мы дапамагалі глядзець хворых людзей, дзяцей з незабяспечаных сем’яў, людзей, якія праходзілі праз рэабілітацыю, працавалі з уцекачамі.

То бок у нас з’яўлялася разуменне, што ты ў гэтым свеце адказны не толькі за сябе. Свет — шматгранны. І ты павінен быць інтэгральнай часткай гэтага свету, разумець, што ў ім адбываецца. 

Мы жылі ў інтэрнатах, і ў нас ніколі не было прыбіральшчыка. Мы прыбіралі за сабой самі. Ты сам адказны за сябе: прыбіраеш свой пакой, калідор у інтэрнаце, кухню. Гэта незвычайнае адчуванне.

Наш каледж у Нарвегіі знаходзіўся ў неймаверна маляўнічым куточку, але там не было нікога, апроч нас. 200 студэнтаў, каля 20 выкладчыкаў, адміністрацыя, усё. Найбліжэйшы вялікі горад за 10 кіламетраў.

«НН»: Ці правакавала ўсё гэта нейкія канфлікты?

ЯГ: Зразумела, былі, але гэта нармальна. У людзей ламаецца псіхіка, людзі сталеюць, гэта таксама на іх адбіваецца. Канфлікты спрыялі самаразвіццю. Гэта такая лёгкая шокавая тэрапія. Я нядаўна быў на сустрэчы з выпускнікамі каледжа, бо ўжо прайшло 10 гадоў пасля сканчэння, і ўсе былі суперзадаволеныя гэтым досведам.

Было некалькі выпадкаў, калі людзі казалі: «Ай не, не маё». Напрыклад, мой сусед з Эрытрэі, вельмі разумны хлопец, ведаў чатыры ці пяць моваў, збег. Можа быць, вырашыў такім чынам застацца ў Еўропе. Я яго не асуджаю, пачытаў пра Эрытрэю, і гэта сапраўды дастаткова жудасная краіна. Беларусь у параўнанні — проста рай. Ёсць нашмат горшыя краіны ў свеце, я ў іх быў, і час ад часу адчуваю, што дзякуй богу, у мяне пашпарт грамадзяніна Беларусі.
У нас там быў хлопец з Паўднёвага Судана, які да 12 гадоў хаваўся ў джунглях, каб не быць дзіцём-салдатам. Ён дастаткова позна пачаў адукацыю. Адзін хлопец з Ліберыі быў салдатам, страляў, забіваў, гэта адбілася на яго псіхіцы. Раней ты мог штосьці чытаць у падручніках па гісторыі, бачыў у дакументальных стужках, а тут людзі, якія могуць табе распавесці, што і як у іх адбывалася.

«НН»: Калі ехалі туды вучыцца, думалі вярнуцца ў Беларусь? Ці гэта потым прыйшло?

ЯГ: Шчыра кажучы, не. Але я лічу, што гэта нармальная рэч, таму што ў 17 год ты да канца не ведаеш, чаго ты хочаш ад жыцця. Хочацца як мага далей з’ехаць ад бацькоў, пабачыць свет, што я і зрабіў. А недзе праз дзесяць гадоў вярнуўся ў Беларусь, ужо з пэўным досведам, і адкрываю краіну для сябе нанава.

«НН»: Як пасля UWC склаўся ваш лёс?

ЯГ: Я паступіў ва ўніверсітэт у Амерыцы, у штаце Мэн. Вучыў там фізіку з матэматыкай. Пасля прыкладна 7—8 месяцаў валанцёрыў з сябрам у Паўднёва-Усходняй Азіі, пяць месяцаў пражыў у Камбоджы. Мы займаліся мікраэканамічнымі праграмамі, дапамагалі асімілявацца ў лагеры ўцекачоў беззямельным сялянам з траўматычным досведам жыцця. З удзячнасцю думаў пра Беларусь, пра нашу адукацыю, таму што яна ў нас ёсць. І дастаткова неблагая. Пра нашу сістэму аховы здароўя. Так, яе трэба паляпшаць, але яна ў нас ёсць. Я бачыў людзей, у якіх нічога няма ў жыцці. І, галоўнае, няма надзеі штосьці палепшыць. Тое, што ў нас ёсць, трэба шанаваць і паляпшаць, нягледзячы ні на што.

Пасля валантарыята ды Штатаў паступіў у Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні, захацеў штосьці змяніць у жыцці: я — больш лірык, чым фізік. Ужо пяць гадоў як жыву ў Беларусі.

«НН»: І ўсё ж такі, чаму вырашылі вярнуцца?

ЯГ: Больш зацятым беларусам робішся за мяжой. Як казалі мае выкладчыкі ў ЕГУ, каб зразумець самога сябе, трэба параўнаць сябе з іншым, з чужым іншым.

Хочацца быць у краіне, праблемы якой блізкія. Не хочацца разбірацца ў чужым лайне, прабачце за выраз. Няхай грамадзяне іншых краін дбаюць пра сваю краіну, у нас ёсць свае праблемы, якія нам трэба вырашаць. Калі мы ўсе будзем разбягацца па розных кутах, маўляў, «ой, мая хата з краю», то ў нас у краіне нічога не адбудзецца. Ніякіх зменаў да лепшага.

Я хачу жыць у сваёй краіне, дзе мая сям’я, дзе магілы маіх продкаў, якія я магу наведаць. Я хачу паляпшаць гэтую краіну і быць яе часткай. І шчыра кажучы, мне тут цікавей. Я гэта вельмі востра адчуў.

«НН»: Многія з’язджаюць з Беларусі, мяркуючы, што за мяжой больш магчымасцяў. Ці сапраўды гэта так?

ЯГ: Па-першае, якім бы ліберальным ні было грамадства, за мяжой ты заўсёды будзеш чужынцам. Цябе за свайго ніколі не прымуць. Псіхалагічная разняволенасць на радзіме спрыяе. Зразумела, не для ўсіх, але для мяне гэта так.

Па-другое, людзі, якія атрымалі моўны, культурны, адукацыйны замежны досвед, у Беларусі маюць неймаверныя магчымасці для самарэалізацыі. У тым ліку і ў плане працы. Можна ўдзельнічаць у розных імпрэзах, хэпенінгах. За тую самую «Пагоню» і бел-чырвона-белы сцяг на стадыёнах цябе не хапаюць, гэта можна было назіраць на матчы Францыя—Беларусь.

На жаль, у большасці беларусаў у эміграцыі, якіх я сустракаю, адчування тоеснасці сябе з іншымі беларусамі пакуль няма. Мы як нацыя дастаткова маладыя, у нас няма неабходнай адказнасці адное перад адным за нашу краіну, якая ёсць нашай супольнай справай.

НН»: І ўсё ж такі, мабыць, большасць тых, хто з’язджае за мяжу вучыцца, там і застаюцца.

ЯГ: UWC — вельмі спецыфічная рэч. З аднаго боку, людзі робяцца крыху больш нацыяналістычнымі, а з іншага — касмапалітычнымі. Яны лёгка прыстасоўваюцца да новай краіны, лёгка вучаць мовы, лёгка разумеюць тое, што адбываецца ў свеце. З’яўляецца моцнае адчуванне таго, што ты — чалавек свету, належыш увогуле да ўсіх людзей і народаў адначасова.

«НН»: Тым не менш праз замежныя навучальныя праграмы мы губляем лепшых.

ЯГ: Некаторыя з іх пасля вяртаюцца, і яны могуць спрыяць паляпшэнню становішча сваёй краіны.

Я лічу добрым, што здольныя маладыя людзі едуць за мяжу, атрымліваюць адукацыю і з’яўляюцца там прадстаўнікамі брэнда «Беларусь». Свет бачыць, што гэта актыўныя, разумныя, цікавыя, смелыя, апантаныя людзі. Гэта вельмі важна, бо што пра Беларусь ведаюць? А так кожны з гэтых людзей з’яўляецца носьбітам, можа распавесці, хто мы, што мы, навошта мы. Пра нас крыху больш даведваюцца.

Нягледзячы на тое, што мы ў цэнтры Еўропы, наша краіна дастаткова закрытая. Хочацца верыць, што візавае паляпшэнне ўсё ж такі здарыцца і да нас прыедзе больш турыстаў. Людзі даведаюцца больш пра нас, нашу гісторыю, і мы самі пачнём ганарыцца сваім мінулым і сваім сучасным. Ёсць чым. Трэба часцей гаварыць: «У гэтай краіне Viber распрацоўваюць, вы ім карыстаецеся. У гэтай краіне World of Tanks прыдумалі, вы ў гэта гуляеце».

Трэба глядзець на гэта пазітыўна, думаць, што гэта можа нам прынесці. Магчыма, калі пэўныя акалічнасці памяняюцца, гэтыя людзі будуць карысныя для краіны.

Гутаркі з выпускнікамі UWC Макарам Маліноўскім і Ягорам Сурскім чытайце на сайце ў бліжэйшыя дні.

Паводле nn.by
 

Адказ

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку