Адказаць на каментар
Ільдар Дадзін стаў першым грамадзянінам Расіі, прыцягнутым да крымінальнай адказнасці за неаднаразовыя неаднаразовыя адзіночныя пікеты.
У 2015 годзе Басманны суд Масквы прысудзіў яго да трох гадоу пазбаўлення волі. Вясной 2016 году Масгарсуд змякчыў прысуд да двух з паловай гадоў. Цяпер Дадзін адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 7 у Сегежы, у паўночна-заходняй Карэліі. Тыдзень таму Дадзін перадаў праз адваката ліст на волю, у якім паведаміў пра катаванні.
Як паведаміла жонка Ільдара Анастасія Зотава, супрацоўнікі Федэральнай службы выканання пакаранняў (ФСВП) усяляк спрабавалі схаваць, што Ільдар мае праблемы са здароўем. Дактары ФСВП аглядалі яго пад відэазапіс, яны сказалі, што з ім нічога дрэннага не адбылося, ніякіх пашкоджанняў няма. Потым прыехалі дактары з мясцовай бальніцы, таксама яго агледзелі і сказалі, што усё добра. У той жа дзень да яго прыехалі праваабаронцы, якія, па-першае, пабачылі кровападцёкі, якіх нібыта не знайшлі дактары, а акрамя таго падчас размовы ў Ільдара здарыўся эпілептычны прыпадак.
Пасля прыпадку Ільдара накіравалі ў Петразаводскую бальніцу, дзе яму зрабілі МРТ. Дактары сказалі, што ня могуць вызначыць, што стала прычынай прыпадку. Паводле маскоўскіх спецыялістаў, гэта магло здарыцца таму што яго білі па галаве, і маглі адбыцца нейкія змены праз страсенне мозгу.
Цікава, што Анастасія Зотава і Ільдар Дадзін пазнаёміліся на акцыі салідарнасці з Беларуссю:
“Калі праваабаронца Алесь Бяляцкі быў за кратамі, у Маскве ладзілі пікеты салідарнасці каля амбасады Беларусі. На той момант у 2014 годзе Бяляцкага ужо вызвалілі, але мы з сябрамі ў любым выпадку вырашылі, што такая акцыя патрэбная, бо грамадзянскай супольнасці Беларусі цяжэй, чым расейскай. Мы паспрабавалі наладзіць пікеты ў цэнтры Масквы каля помніка Грыбаедаву. Я раскідала інфармацыю па розных групах у фэйсбуку, у іншых сацыяльных сетках, і на акцыю прыйшлі людзі, якіх мы яшчэ ня ведалі. Там я упершыню пабачыла Ільдара”.
Падрабязнасці - на Радыё Свабода