Адказаць на каментар
Сумесны арт-праект ініцыятыў “Гендэрны маршрут” (Мінск), “Фемінісцкая майстэрня” (Львоў), Швейны кааператыў “Швемы” (Санкт-Пецярбург – Кіеў), закліканы даць імпульс развюццю фемінісцкага руху, праходзіць у сталіцы з 25 лістапада па 10 снежня ў выставачнай прасторы “ЦЭХ”.
Мерапрыемства адбываецца з нагоды Міжнароднага дня барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын і “16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендэрнага гвалту”. Мінская арт-майстэрня з’яўляецца сімвалічным працягам украінскага праекта “Жаночы Цэх” “Фемінісцкая афензіва” 2012 года, паведамляе gender-route.org
Мэта арт-майстэрні “Жаночы ЦЭХ-2016” – выбудаваць прастору жаночай салідарнасці і сімвалічна змяніць выставачную прастору “ЦЭХ” – месца арт-інтэлектуальна-творчага ўзаемадзеяння ў Мінску, – прынамсі ў дні “актыўных дзеянняў”.
Удзельніцы будуць працаваць над пераўтварэннем прасторы шляхам непасрэднай працы ў ЦЭХ-у, ствараючы аб'екты з тканіны, працы з тэкстамі флэшмобу #ЯНеБаюсяСказаць, правядуць адкрытыя майстэрні і трэнінг для жанчын.
Куратарскі калектыў ставіць за мэту стварыць нефармальную гарызантальную прастору супрацоўніцтва мастачак-актывістак з суседніх краін, якія будуць працаваць на аснове творчай салідарнасці над пытаннямі, якімі займаецца сучасная феміністычная тэорыя, а менавіта:
- Гендэрная няроўнасць у сучасных грамадствах;
- Гендэрны гвалт.
У калектыўнай арт-майстэрні ўдзельнічаюць: Ганна Хвыль, Ганна Аксютовіч, Антаніна Мельнік, Марыя Лук'янава, Ганна Цярэшкіна, Алеся Панава, Марта Чумала, Паліна Заслаўская, Ірына Саламаціна, Таццяна Шчурко.
“Гендэрны маршрут” (Мінск) – эксперыментальны праект, удзельніцы якога знаходзяцца ў пошуку новых фарматаў працы (майстэрні, выставы, канферэнцыі), і спрабуюць злучыць акадэмічны (даследчы) і мастацкі (практычны) складнік у межах сваіх мерапрыемстваў, якія накіраваныя на распаўсюд, абмеркаванне і прасоўванне гендэрных ведаў у розных аўдыторыях.
“Фемінісцкая майстэрня” (Львоў) – некамерцыйная грамадская арганізацыя (НГА), місіяй якой ёсць стварэнне асяроддзя, спрыяльнага для развіцця і самарэалізацыі дзяўчат і жанчын у Львове.
Швейны кааператыў “Швемы” (Санкт-Пецярбург – Кіеў) – неіерархічная супольнасць, удзельніцы якой займаюцца неатчужанай працай у галінах швейнай справы, актывізму, танца і сучаснага мастацтва і ўвасабляюць на практыцы нізавую самаарганізацыю, праз стварэнне раўнапраўных супольнасцяў, акцый і праектаў супраць гамафобіі, сэксізму і дыскрымінацыі розных якасцей.