Адказаць на каментар
Прызначаная дата суда па пераводу заснавальніка «Платформ інавэйшн» Міхаіла Жамчужнага з папраўчай калоніі №14 у турму.
Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, судовае паседжанне суда Барысаўскага раёна па змене рэжыму ўтрымання для палітвязня адбудзецца ў чацвер, 2 сакавіка.
Судовы працэс плануецца правесці на тэрыторыі калоніі №14, дзе ён адбывае пакаранне. Суддзя — Яўген Манышаў.
У гэты дзень, пад час выязнога паседжання суда, акрамя справы Міхаіла Жамчужнага будзе разглядацца яшчэ некалькі спраў зняволеных, таму працэс над палітвязнем запланаваны прыкладна на 14 гадзін.
Варта адзначыць, што судовы працэс — адкрыты і тыя, хто жадае на ім прысутнічаць, могуць паведаміць пісьмова суддзі суда Барысаўскага раёна пра сваё жаданне прысутнічаць на паседжанні. Суддзя павінен будзе забяспечыць доступ жадаючых у памяшканне, дзе будзе адбывацца судовы працэс. Дарэчы, заявы адносна магчымасці прысутнічаць на судовым паседжанні накіравалі ў суд праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Павел Сапелка і Таццяна Рэвяка.
Адміністрацыя папраўчай калоніі №14 ў Навасадах прыняла рашэнне накіраваць у суд матэрыялы аб змене палітвязню рэжыму ўтрымання на турэмны — тэрмінам на тры гады — напрыканцы студзеня. Падставаю паслужылі спагнанні, якія былі вынесеныя Жамчужнаму нібыта за розныя парушэнні, якія ён здзейсніў пад час адбыцца пакарання, у тым ліку змяшчэнне яго ў ШІЗА і ПКТ.
Заснавальнік “Платформ Інавэйшн”Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.