Адказаць на каментар
Вячаславу Касінераву 21 красавіка зменена мера стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе. Такое рашэнне прыняў суддзя Маскоўскага суду Мінска Аляксандр Петраш.
Да гэтага дня Вячаслаў Касінераў утрымліваўся пад вартай у СІЗА №1 ГУУС Мінгарвыканкама, паколькі 6 красавіка суд Маскоўскага раёна Мінска, разгледзеўшы ў закрытым рэжыме скаргу актывіста на прызначаную меру стрымання, адмовіўся яго вызваліць пад падпіску аб нявыездзе.
Праз некалькі дзён, 27 красавіка ў судзе Маскоўскага раёна Мінска распачнецца разгляд крымінальнай справы актывіста анархісцкага руху Вячаслава Касінерава, якога пераследуюць за перфоманс са статуяй паліцэйскага-гарадавога каля будынка МУС.
5 красавіка праваабарончыя арганізацыі выступілі з заявай аб прызнанні Вячаслава Касінерава палітычным зняволеным і патрабуюць ад уладаў Беларусі спынення крымінальнага пераследу і яго неадкладнага вызвалення.
Сайт ПЦ “Вясна” нагадвае, Вячаславу Касінераву прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) за праведзены ім 12 сакавіка 2017 г. каля будынку МУС перформанс, падчас якога ён накінуў пятлю на ўсталяваную там статую паліцэйскага-гарадавога, выказаўшы такім чынам свой пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.
Праваабарончыя арганізацыі на бягучы момант прызнаюць адпавядаючымі міжнародным крытэрыям статуса палітвязня Вячаслава Касінерава, Міхаіла Жамчужнага і Змітра Паліенку.