Адказаць на каментар
На гэтую тэму мы пагутарылі з адным з распрацоўшчыкаў агульных прынцыпаў, кіраўніцай Беларускага дакументацыйнага цэнтру Раісай Міхайлоўскай.
- Чаму патрэба сфармуляваць агульныя прынцыпы дзейнасці праваабаронцаў Беларусі ўзнікла менавіта зараз?
- Наш праваабарончы сектар развіваецца ўжо каля 20 гадоў. За гэты час мы праходзілі розныя стадыі. Пачыналі з асновапалагаючых дакументаў, распрацоўвалі праграмы, стратэгіі. Праваабарончыя структуры, дачыненні паміж імі становяцца усё больш складанымі, выходзяць на новыя ўзроўні. У нашай супольнай дзейнасці ўзнікае шэраг спрэчных пытанняў, якія наўпрост звязаныя з этычнымі нормамі. Мы зразумелі, што настаў час неяк наладзіць працэс самарэгулявання, што і закліканы зрабіць агульныя прынцыпы.
- Як нарадзілася ідэя напісання прынцыпаў? Хто яе аўтар?
- Нарадзілася гэтая ідэя недзе гады два таму ў шэрагу арганізацый, з якімі мы здаўна супрацоўнічаем. Неяк на сумеснай сустрэчы мы пачалі дзяліцца сваімі планамі, і высветлілася, што мы думаем пра адно і тое ж. Мы стварылі працоўную групу і цягам мінулага года займаліся распрацоўкай гэтых прынцыпаў. Ездзілі па краіне, ладзілі фокус-групы з прадстаўнікамі розных арганізацый, мазгавы штурм для выпрацоўкі пунктаў прынцыпаў і іх фармулёвак.
Зараз прыйшлі да такой стадыі, калі прынцыпы распрацаваныя. Калі іх падзяляе арганізацыя альбо праваабаронца, да іх можна далучацца і кіравацца сфармуляванымі праваабарончай супольнасцю прынцыпамі ў сваёй дзейнасці. Прынцыпы мажліва вельмі агульныя, там няма асаблівай канкрэтыкі, але гэта першы крок да самарэгулявання праваабарончай супольнасці і адпаведна падвышэння агульнай эфектыўнасці яе дзейнасці.
- Наколькі ўніверсальнымі для грамадства мусяць быць праваабарончыя прынцыпы ?
- У распрацоўцы дакумента ўдзельнічалі прадстаўнікі сямі грамадскіх арганізацый.
Прынцыпы распрацаваныя для беларускіх праваабарончых арганізацый, як зарэгістраваных, так і не зарэгістраваных, іншых грамадскіх аб’яднанняў, ініцыятыўных груп, структур грамадзянскай супольнасці, асобных грамадзян ды іншых суб’ектаў, якія бароняць і прасоўваюць агульнапрынятыя правы чалавека. Мы зараз думаем, якім чынам гэтыя прынцыпы распаўсюдзіць максімальна шырока.
Важна, каб дзяржава, якая абавязана выконваць правы чалавека, паважала гэтыя прынцыпы. Яны распрацаваныя з апорай на міжнародны досвед і міжнародныя праваабарончыя дакументы.
- Ці ёсць аналагічныя прынцыпаў у іншых краінах?
- Так. У іншых краінах ёсць этычныя кодэксы, сэртыфікаты, якія мы уважліва вывучалі. Шмат дзе прадугледжаны таксама санкцыі за іх парушэнне. У нас пакуль механізма кантролю і пакарання няма. Таму пакуль мы маем агульныя прынцыпы, якіх прапануем добраахвотна прытрымлівацца.