Абаронцы А.Казуліна пачалі міжнародную кампанію салідарнасьці

kazulin02.jpg

Грамадзкая камісія “Свабоду Казуліну і іншым палітвязьням Беларусі” пачала міжнародную кампанію па вызваленьні былога кандыдата на прэзыдэнта і ўсіх палітычных зьняволеных. Камісія заклікала ўрады розных краінаў сьвету падтрымаць патрабаваньні Эўразьвязу аб вызваленьні Аляксандра Казуліна. Адпаведныя звароты накіраваныя парлямэнтам шэрагу краінаў і ўплывовым праваабарончым арганізацыям сьвету.

Грамадзкая камісія “Свабоду Казуліну і іншым палітвязьням Беларусі” заклікала правесьці 25-га лістапада пікеты салідарнасьці з беларускімі палітзьняволенымі.

25 лістапада споўніцца год і восем месяцаў, як быў зьмешчаны за краты былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін. Палітыка асудзілі на пяць з паловай гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў.

Аляксандр Казулін адбывае пакараньне ў віцебскай калёніі “Віцьба-3”. Сябры грамадзкага камітэту прапаноўваюць дасылаць ў калёнію лісты на імя Аляксандра Казуліна са словамі падтрымкі.

Паводле радыё Свабода