Абвінавачваньні супраць «Маладога Фронту» грунтуюцца на інфармацыі з кампутараў
У судзе Савецкага раёна Менску працягваецца працэс па справе актывістаў “Маладога Фронту”. Дзяржаўны абвінаваўца заявіла падчас выступу, што “Малады фронт” хоча ўзяць палітычную ўладу ў краіне шляхам масавых вулічных акцый. Доказам гэтага ёсьць раздрукоўкі тэлефонных размоваў, а таксама аўдыёзапісы сходаў МФ, што адбыліся 29 верасьня 2006 года, 25 студзеня, 29 студзеня, 1 лютага, 4 лютага 2007 года.
Зьмітра Хведарука, у прыватнасьці абвінавачваюць, у тым, што ён кіраваў Першамайскай радай МФ, Алега Корбана - Партызанскай, Аляксея Янушэўскага – Заводзкой, Барыса Гарэцкага ў тым, што ён быў прэс-сакратаром арганізацыі, Насту Палажанку ў тым, што яна ачольвала арганізацыйны аддзел. Алег Корбан заявіў, што ён ужо не зьяўляецца сябрам МФ, што, калі ўступіў усілу арт. 193 КК РБ, ён напісаў заяву аб выхадзе з МФ. Алег Корбан заявіў, што зьяўляецца старшынёй Партызанскай рады Аб`яднанай грамадзянскай партыі, паведаміла “Наша Ніва”.
Усе абвінавачваньні грунтуюцца на канфіскаваных падчас ператрусаў друкаваных матэрыялах або сканфіскаваных носьбітах інфармацыі, у прыватнасьці сыстэмных блёках і вінчэстарах.
Маладафронтаўцам задавалі пытаньні: ці прымалі яны ўдзел у сходах у тых днях, раздрукоўкі размоваў зь якіх прыкладаюцца, ці трэба заява, каб уступіць у МФ, якія мэты арганізацыі, колькасны склад, хто кіраўнік, хто за што ў МФ адказвае, ці патрэбныя сяброўскія ўнёскі, ці ведалі што сябры арганізацыі, што яна незарэгістраваная.