Абдыманні на вуліцы Савецкай
На галоўнай вуліцы Брэста, перад кінатэатрам “Беларусь”, адбыўся моладзевы флэш-моб “Freehugs” (“Абдыманні без межаў”)
Ці то з-за кепскага надвор’я, ці то з-за сарамлівасці, бо асноўнай мэтай акцыі было падыходзіць да незнаёмых людзей і абдымаць іх, на самым пачатку мерапрыемства ўдзельнікаў было ня вельмі шмат.
Арганізатары акцыі намалявалі плакаты з вясёлымі надпісамі “абдыму за дарма”, альбо “freehugs” і выйшлі на паляванне. Рэагавалі людзі па-рознаму: нехта ўцякаў, іншыя далучаліся і пачыналі актыўна абдымаць мінакоў.
Неўзабаве настрой узняўся, як у актывістаў, так і выпадковых мінакоў. Некаторым дзяўчынам так спадабалася абдымацца, ажно прыйшлося іх наўпрост адрываць ад людзей.
Агулам акцыя цягнулася блізу паўгадзіны, пасля чаго ўдзельнікі накіраваліся да бліжэйшай кавярні пачаставацца гарбатай з печывам, узгадаць самыя цікавыя і кранальныя моманты акцыі.
Пакінуць новы каментар