Абласны суд палічыў адлічэнне актывіста з ВНУ правамерным
Суд адмовіў у задавальненні касацыйнай скаргі актывіста Маладога фронту Андрэя Цянюты, а пракуратура, якая было падтрымала маладзёна, адклікала свой пратэст.
Гомельскі абласны суд 18 лістапада разгледзеў касацыйную скаргу на рашэнне суда Цэнтральнага раёна аб адмове ў задавальненні скаргі сустаршыні зарэгістраванай ў Чэхіі арганізацыі «Малады фронт» Андрэя Цянюты. Адказчыкам па справе з'яўляўся Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, адкуль актывіст быў адлічаны, піша "Наша Ніва" са спасылкай на БелаПАН.
Нагадаем, былы студэнт палічыў адлічэнне незаконным і палітычна матываваным і падаў скаргу ў суд. Падставамі для адлічэння былі названыя рашэнні суда. Спачатку Цянюту прызналі вінаватым у «парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства», калі той з таварышамі ўскладаў кветкі ў Гомелі ў памяць аб загінулых у Кіеве. А неўзабаве ён быў арыштаваны на 10 сутак за нібыта нецэнзурную лаянку і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску.
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля вынес рашэнне па скарзе Цянюты 1 кастрычніка, адмовіўшы ў яе задавальненні і прызнаўшы адлічэнне законным. Аднак Цянюта падаў касацыйную скаргу ў абласны суд, а неўзабаве атрымаў з суда Цэнтральнага раёна копію касацыйнага пратэсту гарадской пракуратуры на рашэнне раённага суда. У касацыйным пратэсце пракуратуры Гомеля адзначана, у прыватнасці, што «па рашэнні суда не бачна, на якіх падставах суд прыйшоў да высноў, выкладзеных у рашэнні, якімі доказамі яны пацверджаны, ці адпавядаюць высновы судовага рашэння фактычным абставінам, што вызначаюцца па справе, ці ўлічаны судом усе факты, якія ўваходзяць у прадмет доказаў па справе».
На падставе вышэйсказанага пракуратура Гомеля прасіла абласны суд адмяніць рашэнне суда Цэнтральнага раёна Гомеля і накіраваць справу на новы разгляд.
Але яшчэ да судовага пасяджэння стала вядома, што пракуратура адклікала свой пратэст. Суд жа адхіліў касацыйную скаргу Цянюты і пакінуў рашэнне раённага суда ў сіле.
Пакінуць новы каментар