Адгалосак Плошчы 2010: У Беларусі з’явіўся новы палітзняволены

Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці распаўсюдзілі заяву аб прызнанні крымінальнага пераследу Уладзіміра Кондруся палітычна матываваным і надалі яму статус палітвязня.

Як стала вядома праваабаронцам, 14 чэрвеня 2016 г. быў змешчаны пад варту ў СІЗА МУС № 1 жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь. Паводле пацверджанай Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь інфармацыі, ён абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ("Масавыя беспарадкі").

Крымінальная справа ўзбуджана ў межах справы па падзеях 19 снежня 2010 г. у Мінску, калі ў выніку непрапарцыйна жорсткага разгону мірнай дэманстрацыі пратэсту на пл. Незалежнасці сотні чалавек былі затрыманы і падвергнуты адміністрацыйным арыштам і крымінальнаму пераследу, сярод збітых і затрыманых апынуліся і сямёра кандыдатаў, што бралі ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. У выніку 44 удзельнікі тых падзей былі асуджаныя да розных відаў пакарання, у тым ліку і пазбаўлення волі. На сённяшні дзень усе асуджаныя па гэтай справе альбо цалкам адбылі вынесеныя пакаранні, альбо былі датэрмінова вызвалены з месцаў пазбаўлення волі ў выніку памілавання.

Ацэнка тых падзей з боку беларускіх праваабарончых арганізацый была адназначная: дэманстрацыя 19 снежня 2010 г. у г. Мінску насіла мірны характар і з’яўлялася рэалізацыяй свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў.

Здзяйсненне некаторымі грамадзянамі дзеянняў, якія насілі супрацьпраўны характар, павінны былі своечасова спыняцца праваахоўнымі органамі і ў любым выпадку не маглі быць кваліфікаваны як масавыя беспарадкі, і тым больш не маглі з’яўляцца нагодай для выкарыстання гвалту ў дачыненні да астатніх мірных дэманстрантаў, а таксама далейшай эскалацыі рэпрэсій у дачыненні да палітычных апанентаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і незалежных СМІ. Усе асуджаныя паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу былі прызнаныя беларускімі праваабаронцамі і міжнароднай супольнасцю палітычнымі зняволенымі. Новых падстаў для зменаў у ацэнках тых падзей з нашага боку не з’явілася.

Патрабаванне аб неадкладным вызваленні ўсіх зняволеных у дзень і пасля выбараў было адлюстравана і ў Рэзалюцыі Еўрапарламенту адносна сітуацыі ў Беларусі ад 21.01.2011 г., Рэзалюцыі ПАСЕ ад 27.01.2011 г.

Менавіта вызваленне ўсіх палітвязняў, у тым ліку і асуджаных па падзеях 19 снежня 2010 года, стала сур’ёзным крокам наперад у дачыненнях Беларусі з ЕС і ЗША, прывяло да замарожвання, а потым і поўнага зняцця накладзеных пасля падзей 19 снежня санкцый.

На думку праваабаронцаў, змяшчэнне пад варту Уладзіміра Кондруся па абвінавачванні па арт. 293 КК па падзеях 19 снежня 2010 г. з’яўляецца адным з рэпрэсіўных дзеянняў уладаў, якія мусілі застацца ў мінулым.

Сам факт крымінальнага пераследу па дагэтуль не спыненай справе па падзеях 19 снежня 2010 г. стварае небяспеку арыштаў іншых удзельнікаў тых падзей, якія могуць дагэтуль знаходзіцца ў вышуку.

“Мы яшчэ раз пацвярджаем сваю пазіцыю, якая заключаецца ў тым, што дзеянні У. Кондруся не могуць быць кваліфікаваныя па арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь, а тэрмін даўніны па іншых артыкулах КК, па якіх яны маглі б быць кваліфікаваны, мінуў.

У сувязі з гэтым мы заяўляем, што расцэньваем крымінальны пераслед Уладзіміра Кондруся як палітычна матываваны, а самога Уладзіміра Кондруся лічым палітычным зняволеным.

Патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • спыніць крымінальны пераслед па арт. 293 КК у дачыненні да Уладзіміра Кондруся і неадкладна вызваліць яго з-пад варты;
  • цалкам спыніць вытворчасць па крымінальнай справе па падзеях 19 снежня 2010 г., стварыўшы ўмовы для шырокай амністыі для ўсіх удзельнікаў тых падзей, у тым ліку для тых, хто дагэтуль вымушаны знаходзіцца за мяжой з-за магчымай пагрозы крымінальнага пераследу;
  • прыняць рэальныя захады да рэабілітацыі раней асуджаных палітвязняў”, - гаворыцца ў заяве.

Заяву падпісалі Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Камітэт абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць", РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”, ПУ “Цэнтр прававой трансфармацыі”, Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі дакументацыйны цэнтр.

Паводле ПЦ "Вясна"

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку