Адкрываецца выстава да 500-годдзя Аршанскай бітвы

Мастацкая выстава "АРТ-ВОРША-РУБОН!" секцыі “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў адкрые свае дзверы для наведнікаў 23 кастрычніка а 17-й гадзіне ў Палацы мастацтваў (Мінск, вул. Казлова, 3)

У беларускім выяўленчым мастацтве тэма Аршанскай бітвы пачала складацца ў 1980-я гады ХХ стагоддзя. У пачатку 1980-х гг. палатно “Аршанская бітва” напісаў Генрых Ціхановіч. Гэта батальная, шматфігурная кампазіцыя. Таксама ў ліку першых, хто ўвасобіў вобраз Астрожскага ў жывапісе, быў Гаўрыла Вашчанка – выдатны жывапісец, Народны мастак Беларусі (1988). Скульптар, Народны мастак Беларусі Леў Гумілеўскі высек з граніту конную фігуру Канстанціна Астрожскага – Найвышэйшага гетмана ВКЛ. Вельмі плённа гэта тэма развівалася ў графічным, медальерным мастацтве. У 1994 годзе Міхась Басалыга стварыў некалькі вельмі значных каляровых літаграфій: “Конны партрэт К. Астрожскага”, складаную батальную кампазіцыю “Аршанская бітва”, партрэты слуцкіх князёў Алелькавічаў, якія прымалі ўдзел у бітве. У розныя гады ўжо ХХІ стагоддзя да тэмы Аршанскай бітвы і вобраза К. Асторжскага звярталіся: С. Цімохаў, М. Купава, Ю. Каралевіч, Н. Сакалова-Кубай.

Свае творы, прысвечаныя тэме Аршанскай бітвы таксама прадставяць на суд гледачоў маладыя мастакі.

Задачай, якую перад сабой ставілі арганізатары выставы, з’яўлялаецца пашырэнне гісторыі ВКЛ і яго культуры ў мастацтве. Хаця і назвалі яе “АРТ-ВОРША-РУБОН!”, ужыўшы старабеларускае слова “рубон” – “ура”, мелі на ўвазе Залаты век Беларусі – Літвы: вялікія паэты ВКЛ ужо пісалі і вельмі хутка надрукуюць свае неўміруючыя паэмы, у тым ліку Ян Вісліцкі “Прускую вайну” і Оду пра бітву пад Воршай; Мікола Гусоўскі ствараў сваю “Песню пра зубра”; Францішак Скарына перакладаў Біблію на беларускую мову; Альбрэхт Гаштольд са Скарынаю рыхтавалі Першы Статут ВКЛ.

Выставу можна наведаць з 23 кастрычніка па 9 лістапада, штодзень з 11.00 да 19.00, акрамя панядзелка. 

Тэлефоны для даведак: (017) 288-15-49; (029) 550-31-81 – Палац мастацтва; (017) 296-67-84 – Беларускі саюз мастакоў.


Трохі гісторыі:

8 верасня 1514 года ўжо ў другой палове дня аршанскае поле пабаявішча скаланулася магутным громам шматтысячнага гáласу: “РУБО-О-О-Н!” Гэта літоўскае войска канчаткова ўсвядоміла, што яны перамаглі страшэнную навалу з Масквы. Толькі што адгрымелі апошнія залпы артылерыі Канстанціна Астрожскага. На полі і ў рэках засталіся ляжаць горы забітых маскоўцаў – сорак тысяч захопнікаў. Дзве тысячы дзяцей баярскіх і дзве тысячы ваяўнікоў, дзесяць ваяводаў былі ўзятыя ў палон, у тым ліку галоўнакамандуючыя Іван Чаляднін і Міхаіл Булгакаў-Голіца. Выратаваліся толькі тыя, хто здолеў уцячы. Уцёкі былі панічныя і працяглыя, аж да самага Смаленску – адкуль пачалася вайна. Вялікае княства Літоўскае атрымала шанец на далейшае жыццё і развіццё. Пачаў развальвацца хаўрус паміж Масквой і Нямеччынай. Вялікае княства Літоўскае паказала сваё высокае вайсковае майстэрства.

Пасля перамогі пад Воршай Канстанцін Астрожскі, у гонар гэтай вялікай падзеі, будуе шэраг праваслаўных храмаў у Вільні, Менску, Тураве, Смалявічах, на Падляшшы і Валыні, па ўсяму Вялікаму княству. Гэта быў багацейшы чалавек пасля Альбрэхта Гаштольда і самога Вялікага князя. Ёсць меркаванне, што ім была замоўлена карціна “Аршанская бітва”. Гэта самы яркі прыклад увасаблення Вялікай Перамогі ў выяўленчым мастацтве.

Другі выдатны твор, які з’явіўся пасля гэтай Перамогі і быў напісаны ў яе гонар – беларуская народная песня “Аршанская бітва”, якая жыве ўжо амаль 500 гадоў, якую спявае наш народ.

 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку