Ад палітычнага пераследу да міліцэйскага бязмежжа
4 верасня, пасля адбыцця арышту, з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў выйшаў на волю актывіст “Маладога фронту” Зміцер Крамянецкі. Ён распавёў, што на “сутках” ўпершыню сутыкнуўся з сітуацыяй, калі значная частка арыштаваных знаходзіцца там безпадстаўна, паколькі ніякіх правапарушэнняў не здзяйсняла.
Звярнуў Зміцер увагу і на вялікую колькасць дэпартуемых замежных грамадзян, сярод якіх людзі з Узбекістану, Бангладэш, Конга.
Адбываў пакаранне Крамянецкі ў камеры на 6 месцаў. Адзін з “сядзельцаў”, напрыклад, чакаў дэпартацыі ва Узбекістан, быў там і футбольны фанат, які сцвярджае, што яго затрымалі без аніякай прычыны.
“Увогуле, – робіць выснову Крамянецкі, – зараз шмат людзей сядзяць на ЦІПе, якіх без падстаў забіраюць проста з дому і вязуць у суд, нібыта яны хуліганілі. Вось аднаго, напрыклад, збілі міліцыянты, і каб ён не змог зняць пабоі – сфабрыкавалі пратакол і ўпяклі на 10 сутак. А перад самым маім выхадам у камеру прывялі хлопца, арыштаванага таксама на 10 сутак. Ён здымае кватэру разам з сябрамі, і калі супрацоўнікі міліцыі хацелі забраць ягонага сябра, дык загрэблі заадно і яго. Напісалі ў пратаколе, што лаяўся матам, у дзве гадзіны ночы… Дакладна так, як як гэта робіцца, калі такім чынам ізалююць дэмакратычных актывістаў".
На Акрэсціна ходзяць чуткі, што фанаты пабілі нейкага міліцыянта і тыя зараз вымяшчаюць помсту на ўсіх, хто нечым падобны на футбольных фанатаў.
Справа Зміцера Крамянецкага разглядалася ў судзе Савецкага раёна Менска 26 жніўня. Суддзя Арцём Бяскішскі абвінаваціў яго ў дробным хуліганстве і пастанавіў пакараць арыштам на 10 сутак. Прычым, забралі актывіста напярэдадні проста з дому.
Паводле ПЦ "Вясна"
Пакінуць новы каментар