Ад сямі да дванаццаці гадоў
Ваўкавысцу Мікалаю Аўтуховічу 18 лютага было высунутае афіцыйнае абвінавачванне, паведаміў «НН» адвакат Павел Сапелка. Прадпрымальніка абвінавачваюць у парушэнні артыкулу 218 частка 3 КК «Наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя арганізаванай групай, якія прывялі да шкоды ў асабліва буйным памеры». Санкцыя паводле артыкулу ад 7 да 12 гадоў.
Уладзіміру Асіпенку высунута абвінавачванне па артыкуле 218 частка 2 КК «Наўмыснае знішчэнне, альбо пашкоджанне маёмасці, якое прывяла да значных стратаў». Паводле гэтага артыкулу Асіпенку пагражае ад 3 да 10 гадоў зняволення. Пакуль невядома па якім артыкуле пойдзе Юры Лявонаў, адвакат сустрэнецца з ім пасля 15:00.
Нагадаем, што жыхароў Ваўкавыску затрымала 8 лютага мінскае падраздзяленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю «Алмаз». У той жа дзень яны былі дастаўленыя ў Мінск. А па БТ быў паказаны рэпартаж, што на Гарадзеншчыне затрыманая група людзей, якія займаліся падрывамі і падпаламі маёмасці гарадскіх чыноўнікаў.
17 лютага пра арышты выказаўся Лукашэнка, які заявіў, што не дапусціць у краіне тэрарызму і экстрэмізму. «У нас закон адзін. Законная зброя — захоўвай, незаконная — выбачай. Аўтаматы, гранаты прыватніку захоўваць нельга», — сказаў у Магілёве кіраўнік дзяржавы.
Акцыі салідарнасці з Аўтуховічам, Лявонавым і Асіпенкам праходзяць у Мінску і іншых гарадах Беларусі і замежжа.
Паводле Нашай Нівы
Пакінуць новы каментар