Акрэсьцінскія будні

Сёньня ва Ўправе Партыі БНФ адбудзецца прэзэнтацыя кнігі “Акрэсьцінскія будні. Дзёньнікі палітвязьняў” – супольнага праекту моладзевых актывістаў і праваабаронцаў.
Ініцыятар стварэньня зборніку Антон Каліноўскі распавядае, што задумка ў яго нарадзілася менавіта ў акрэсьцінскай камэры:

“Гэта ідэя прыйшла мне летась, зімой, на Акрэсьціна, дзе я апынуўся пасьля адной з акцый прадпрымальнікаў. Усе пісалі дзёньнікі, і падумалася, што было б добра сабраць гэтыя расповеды пад адной вокладкай. Каб творы ня зьніклі, а заставаліся”.

Адзін з аўтараў зборніка – мастак Алесь Марачкін. У кнізе – урывак зь ягонай паэмы, працу над якой ён пачаў у камэры:

“Паэма так і называецца: “Акрэсьціна”. Я там пяць дзён быў і кожны дзень нешта пісаў. Папрасіў паперу, алоўвак, гэтыя прыналежнасьці ўсе мне далі, і я хадзіў па камэры туды-сюды, нешта думаў, нешта запісваў… А некаторыя глядзелі і казалі: “Ты думаеш, ты ходзіш? А насамрэч ты сідзіш”… Ну, гэта вядомы там гумар такі”…

Праваабаронца, літаратурны крытык Алесь Бяляцкі адзначае літаратурныя вартасьці сабраных у зборнік эсэ: “Яны насычаныя гумарам, трапна прыкмечанымі дэталямі, параўнаньнямі і рэмінісцэнцыямі”. Апроч таго, важны і эмацыйны складнік, кажа Алесь Бяляцкі:

“Чым мяне асабіста ўразіла гэтая кніга: тым, што нягледзячы на падобныя сюжэты затрыманьняў і ўтрыманьняў, тым ня менш, кожны аўтар бачыць гэты сьвет турэмнай камэры з чатырох сьценаў і тыя ўзаемаадносіны, якія там адбываюцца, па-свойму. А таксама хачу адзначыць пазытыўны, добры пасыл, які сыходзіць са старонак гэтых дзёньнікаў насуперак драматычнасьці сытуацый, якія там апісваюцца”.

Прэзэнтацыя кнігі “наведнікаў” Акрэсьціна адбываецца ў дзень Унутраных войскаў Беларусі. На думку Антона Каліноўскага, нават сярод тых, каго абавязалі разганяць акцыі пратэсту, ёсьць людзі, якія спачуваюць іншадумцам, ставяцца з разуменьнем да іхных поглядаў:

“Тыя, хто прыйшлі нядаўна, – яны больш азлобленыя на дэмакратычныя сілы, больш р’яна выступаюць супраць любога вальнадумства. А тыя, хто даўно працуе, хто ў сталым веку – тыя іншыя. Было некалькі выпадкаў на маім досьведзе, калі пры карэктным і паважным стаўленьні да іх было люстэркава паважнае і карэктнае стаўленьне да нас. Натуральна, адпусьціць – раней не адпусьцяць, аднак лішнюю перадачу перадаць ці дадому пазваніць дазволяць. Канечне, пад адну грабёнку грэсьці, у адну лінейку ставіць усіх супрацоўнікаў МУС нельга”.

Сярод аўтараў – лідэр АГП Анатоль Лябедзька, журналіст Сямён Печанко, моладзевыя актывісты і лідэры Андрэй Баранаў, Вольга Кузьміч, Уладзімер Мікалаеў, Алесь Каліта, Франак Вячорка, Кацярына Галіцкая, Ільля Богдан ды многія іншыя.

 

Паводле Радыё Свабода

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку