Актывіста АГП Дзяніса Дзянісава выпусьцілі пад заклад
Сёньня каля 15.00 актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзяніс Дзянісаў выйшаў зь Віцебскага сьледчага ізалятару №2. Яго вызвалілі пад заклад — 15 з паловай мільёнаў рублёў. Дзяніса Дзянісава сустрэлі сваякі, сябры й журналісты.
Маці актывіста Раіса Дзянісава, сустрэўшы сына, ледзь магла гаварыць:
“Я вельмі рада, я вельмі ўсьцешаная, што яго выпусьцілі, што ён здаровы! За ўсё дзякуй! Ня ведаю, што яшчэ тут сказаць...”
Ад хваляваньня ледзьве стрымлівала сьлёзы й Дзянісава сяброўка Тацяна Дзядок, якая прыехала сустрэць яго зь Менску. Тры апошнія дні яна вельмі чакала гэтага вызваленьня:
“І я ня ведаю, што сказаць... Проста да апошняга моманту я не давала веры, што ўсё скончыцца добра, бо ўвесь час нешта адкладалася. І цяпер у мяне сапраўды проста няма словаў. Я дужа-дужа-дужа радая!”
Яшчэ тры дні таму, 9 красавіка, маці арыштаванага Раіса Дзянісава пералічыла на адмысловы рахунак “Беларусбанку” пятнаццаць з паловай мільёнаў. Менавіта гэткая сума, паводле пастановы сьледчага Дзьмітрыя Новікава, была неабходная, каб Дзянісава адпусьцілі на волю пад заклад.
Акцыя збору сродкаў для вызваленьня актывіста АГП доўжылася каля двух тыдняў, грошы ахвяравалі больш за сто чалавек.
Сябры і сваякі меркавалі, што Дзянісава адпусьцяць з-пад варты адразу, як толькі заклад пералічаць, аднак чакаць пастановы абласной пракуратуры давялося тры дні.
Адразу на ганку ізалятару журналісты пачалі распытваць Дзяніса Дзянісава. Аказалася, што самае моцнае ўражаньне — сьвежае паветра пасьля турэмнай камэры.
“Сьвежае паветра — гэта так добра! Вялікі дзякуй тым людзям, хто зьбіраў грошы, вялікі дзякуй за лісты і віншаваньні з днём народзінаў! Прычым большасьць лістоў была ад людзей, зь якімі я не знаёмы! За ўвесь час я зьмяніў сем ці восем камэраў, і паўсюль да мяне ставіліся добра.
Шмат хто зь людзей пра мяне ведаў, бо мне прыносілі газэты, і іх чыталі. Сёньня я ня ведаю, чым скончыцца сьледзтва па маім артыкуле. Мяркую, што каб закон быў на маім баку, то такіх артыкулаў проста б не было!”
Дзяніса Дзянісава трымалі ў віцебскім ізалятары ад 16 лютага. Яго вінавацяць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушылі грамадзкі парадак.
Падзеі, паводле якіх супраць Дзянісава распачалі крымінальную справу, адбыліся ў Віцебску 18 чэрвеня 2006 году — тады ў абласным цэнтры вывесілі бел-чырвон-белы сьцяг, а таксама зьявіліся графіці й расьцяжкі са словам “Бунт”.
Сьледзтва ў справе Дзяніса Дзянісава мае завяршыцца 16 красавіка. Пасьля дакумэнты перададуць у Кастрычніцкі райсуд Віцебску. Калі суд прызнае актывіста вінаватым, яму могуць даць да трох гадоў пазбаўленьня волі.