Актывіста Барыса Хамайду міліцыя папярэдзіла па-добраму
Сёньня раніцай у Віцебску быў затрыманы найстарэйшы мясцовы апазіцыянер, распаўсюднік незалежнага друку Барыс Хамайда.
Як стала вядома ПЦ “Вясна”, прыкладна ў 11 гадзін да яго падыйшлі міліцыянты і адвезьлі ў Чыгуначны РАУС. Пасьля прафілактычнай гутаркі праз паўгадзіны Хамайду адпусьцілі, папярэдзіўшы, каб сёньня яго на вуліцах горада больш ня бачылі. Прычыну растлумачылі досыць проста: “Вы самі ведаеце чаму”. Справа ў тым, што на адкрыцьцё “Славянскага базару” плануе прыбыць кіраўнік дзяржавы. Таму мясцовая міліцыя і нэрвуецца: як бы чаго ня здарылася. Менавіта таму, віцебскіх уладальнікаў аўто папярэджваюць, каб не спыняліся і не пакідалі аўтамабіляў на цэнтральных вуліцах гораду.