Актывіста Руху будуць судзіць за бела-чырвоны-белы сцяг, камуністаў за чырвоны – не?

Сябра Рады Руху «За Свабоду» і Сойму Партыі БНФ Хрыстафора Жаляпава апавясцілі пра распачатую адміністрацыйную справу.

«Патэлефанавалі з Кастрычніцкага РАУС, супрацоўнік назваў сябе Сяргеем Вяраксам і паведаміў, што супраць мяне завялі адміністрацыйную справу паводле падзеяў 26 лістапада. Маўляў, я арганізатар несанкцыянаванага пікету. Выклікалі ў пастарунак, каб узяць тлумачэнні. Спачатку я запатрабаваў, каб выклікалі позвай, але міліцыянт сказаў, што можа аддаць позву на рукі пры сустрэчы, а можа нават пад’ехаць да мяне. Я вырашыў, што пайсці ў РАУС самому будзе для мяне зручней», — расказаў Жаляпаў для Радыё Свабода.

26 лістапада, у дзень 86-і гадавіны Уладзімера Караткевіча, віцябляне прыйшлі да помніка пісьменніку-земляку. Гэта традыцыйная штогадовая завядзёнка — адзначаць дзень народзінаў класіка беларускай літаратуры ўскладаннем кветак і чытаннем вершаў. Хрыстафор Жаляпаў, ідучы да помніка ад сваёй машыны, разгарнуў нацыянальны сцяг. Арганізатарам «акцыі» ён сябе не лічыць:

«Якая гэта акцыя, калі людзі прыйшлі да помніка ўшанаваць памяць пісьменніка ў дзень яго народзінаў? Так, я быў са сцягам. Гэта мой уласны сцяг, я часта бяру яго на розныя беларускія імпрэзы. Нічога „злачыннага“ у гэтым няма: сцяг не забаронены. Гэта не плакат, не транспарант, мы не крычалі ніякіх лозунгаў і нават збіраліся не арганізавана: хтосьці прыйшоў з сябрамі, хтосьці, напрыклад я, адзін. Прычым я быў прыемна ўражаны: навокал не было відаць міліцыянтаў. Я нават вырашыў, што нарэшце яны выпрацавалі цывілізаваны падыход да пажаданняў грамадскасці: калі людзі хочуць адзначыць нараджэнне літаратара, то няхай адзначаюць...»

За парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых акцыяў, паводле артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях Хрыстафору Жаляпаву пагражае штраф памерам да 40 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Ён адзіны з усіх, каго спрабуюць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за сёлетняе ўшанаванне памяці Ўладзімера Караткевіча.

Між тым той самы Кастрычніцкі РАУС «не заўважыў» сапраўднага пікетавання — з плакатамі, сцягамі і транспарантамі — якое зладзілі 7 лістапада каля помніка Леніну віцебскія прадстаўнікі КПБ і незарэгістраванай Усесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў.
 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку