Актывісты распачалі флэшмоб салідарнасці з арыштаваным патрыётам
Фігурант «справы патрыётаў» Сяргей Стрыбульскі 17 траўня сустрэне за кратамі свой 41-ы дзень народзінаў. Сябры і актывісты дасылаюць яму фотавіншаванні.
Гэта першы дзень нараджэння, які Сяргей сустракае ў турме, без сяброў і блізкіх людзей побач. Паводле актывістаў, якім належыць ідэя флэшмобу, неабыякавыя беларусы могуць зрабіць для яго гэты дзень больш святочным, піша "Новы Час".
“Наўпрост дашліце Сяргею сваю ўсмешку, — раіць актывістка Вікторыя Ткачук, — Канешне, яму прыемна будзе чытаць віншавальныя словы ў лістах, але ў разы прыемней будзе пабачыць добразычлівыя твары знаёмых і незнаёмых людзей, якія такім чынам “завіталі” да яго ў госці. Не пашкадуйце пары хвілін, каб зрабіць фота са сваёй віншавальнай паштоўкай, раздрукаваць , укласці ў капэрту і даслаць на ягоны адрас”.
Актывісты таксама просяць распаўсюджваць ідэю флэшмоба сярод знаёмых ды ў сац-сетках, дадаючы хэштэг #ПадарыЎсмешку да допісу, а таксама нагадваюць, што хутка дні нараджэння яшчэ ў двух фігурантаў справы: у Змітра Новіка (27 траўня) ды Уладзіміра Румянцава (30 траўня).
Павіншаваць арыштаваных спецслужбамі патрыётаў можна, даслаўшы ім лісты на адрасы:
Стрыбульскаму Сяргею Сергавічу, вул. Валадарскага, 2, СІЗА-1, 220030, Мінск
Новіку Змітру Мікалаевічу, вул. Валадарскага, 2, СІЗА-1, 220030, Мінск
Румянцаву Уладзіміру Аляксандравічу, вул. Валадарскага, 2, СІЗА-1, 220030, Мінск
Пакінуць новы каментар