Актывісты Руху “За Свабоду” прапануюць падаваць заяўкі на пікеты у падтрымку патрыётаў
Пікеты ў падтрымку беларускіх патрыётаў, якія зараз па надуманых абвінавачваннях знаходзяцца у СІЗА №1 і ў ізалятары КДБ мяркуецца праводзіць каля плошчы Бангалор. За апошнія дні ў Мінгарвыканкам ужо пададзена дзве паўторныя заяўкі.
Ідэя акцыі, якую яе ініцыятары ўмоўна называюць “карусель пікетаў”, у тым, каб заяўку падавалі як мага болей неабыякавых людзей. Шансы на тое, што заяўкі будуць задаволены, мізэрныя. Але дзякуючы шматлікім індывідуальным заяўкам будзе прыцягнута належная ўвага да несправядлівага пераследу беларускіх патрыётаў як з боку ўладаў, так і з боку грамадскасці.
“Тут ёсць два фактара”, – тлумачыць сябра Рады Руху “За Свабоду” Вольга Быкоўская, якая ўжо падала заяўку на правядзення пікета, – “па-першае, важна, каб тэма арышаваных па справе патрыётаў не засталася па-за межамі ўвагі грамадства. Пікеты, нават калі іх забараняюць, гэтую функцыю выконваюць. Па-другое, заяўкі – гэта спроба пошуку кампрамісу з уладамі. Мы цудоўна ведаем, што за несанкцыяваныя акцыі беларускія ўлады караюць актывістаў і спрабуем, так бы мовіць, вывесці неабыякавых грамадзянаў з-пад удару. Заўсёды ёсць нейкая, хаця і вельмі маленькая верагоднасць, што акцыю могуць дазволіць. Недзе нешта шчоўкне, і адказ будзе станоўчым. Таму мы ўдасканаліі заяўкі і дасылаем іх ізноў”.
Вольга ўпэўненая, што чым болей людзей прыме ўдзел у "каруселі пікетаў", тым большы розгалас атрымае кампанія. Актывісты Руху заклікаюць усіх, каму неабыякавая “справа патрыётаў” далучацца да ініцыятывы і падаваць заяўкі.
Распрацаваны бланк можна спампаваць, раздрукаваць на прынтары, запоўніць ды занесці самастойна ў Мінгарвыканкам. Пажадана таксама паведаміць пра абраную дату пікетавання (яна можа быць не раней чым за два тыдні да даты падачы заяўкі), каб не атрымалася, што на адзін і той жа дзень будуць пададзеныя некалькі заявак.
Нагадаем, да гэтай пары за кратамі следчых ізалятараў па “справе патрыётаў”, у межах якой вылучаны абвінавачванні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і арганізацыі незаконных узброеных фармаванняў, знаходзіцца 16 чалавек. Шэраг экспертаў перакананы, што справа шытая белымі ніткамі, а на арыштаваных робіцца сур’ёзны псіхалагічны ціск, каб яны прызналі сваю віну.
Пакінуць новы каментар