Актывіст абскарджвае затрыманне падчас мясцовых выбараў
Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч 16 верасня падаў скаргу ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь, каб абскардзіць сваё затрыманне без складання пратакола супрацоўнікамі хоцімскай міліцыі 23 сакавіка.
Валерый Каранкевіч адмыслова паехаў у Мінск, каб асабіста перадаць скаргу,бо 23-га верасня заканчваецца шасцімесячны тэрмін, на працягу якога можна абскардзіць яго затрыманне без складання пратакола супрацоўнікамі хоцімскай міліцыі 23 сакавіка непасрэдна на выбарчым участку падчас правядення выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў.
У сваёй скарзе Валерый Каранкевіч звяртаецца да Генеральнага пракурора з просьбай прызнаць незаконнымі і неабгрунтаванымі адказы Хоцімскай пракуратуры №37д-2014/19ж-67 ад 11.04.2014 г. і пракуратуры Магілёўскай вобласці №0700/58-2014 ад 21.07.2014 г., №0700/58-2014 от 27.08.2014 г., правесці расследванне ўказаных парушэнняў і прыцягнуць вінаватых да адказнасці згодна закону.
Да звароту ў Генеральную пракуратуру Валерый Каранкевіч неаднаразова спрабаваў абскардзіць сваё неабгрунтаванае затрыманне супрацоўнікамі міліцыі падчас мясцовых выбараў на выбарчым участку ў Хоцімску ў пракуратуры Хоцімскага раёна і Магілёўскай вобласці, аднак станоўчага выніку гэта не дало.
“Я па-ранейшаму лічу, што супрацоўнікі хоцімскай міліцыі затрымлівалі мяне непасрэдна перад пачаткам працэдуры падліку галасоў выбаршчыкаў абсалютна незаконна і буду адстойваць гэта сваё меркаванне да канца, - кажа Валерый Каранкевіч. – Па маім меркаванні, пракуратуры Хоцімскага раёна і Магілёўскай вобласці не падыйшлі належным чынам да разгляду маіх папярэдніх скаргаў, бо “гонар мундзіра” супрацоўнікаў праваахоўных органаў ім нашмат даражэй гонару простага чалавека. Спадзяюся, што ў Генеральнай пракуратуры маю скаргу разгледзяць больш уважліва і прынцыпова”.
Нагадаем, што 23 сакавіка каля 20 гадзін кандыдат у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 і кандыдат у дэпутаты Хоцімскага райсавета па Узбярэжнай выбарчай акрузе №13 ад кампаніі “Гавары праўду” Валерый Каранкевіч быў затрыманы супрацоўнікамі Хоцімскага РАУС на Інтэрнацыянальным выбарчым участку №3. Двумя супрацоўнікамі мясцовай міліцыі ў чыне маёра кандыдат у дэпутаты быў дастаўлены ў Хоцімскі РАУС, дзе яго ўтрымлівалі каля 40 хвілін без складання пратакола затрымання, а пасля адпусцілі. Падставай для тэрміновага затрымання супрацоўнікі назвалі заяву на адрас Каранкевіча з боку сябра акруговай выбарчай камісіі Хоцімскай выбарчай акругі №54 Мікалая Тамашова. З-за затрымання Валерый Каранкевіч не змог прысутнічаць пры падліку выбарчых бюлютэняў.
Паводле ПЦ "Вясна"
Пакінуць новы каментар