Акцыя салідарнасці з палітвязнямі насупраць КДБ (ФОТА)
У Мінску прадстаўнікі АГП арганізавалі пікет салідарнасці з палітвязнямі. Удзельнікі акцыі чвэрць гадзіны трымалі партрэты палітзняволеных. Абышлося без затрыманняў.
"У Беларусі павінна быць кансалідацыя, мы павінны адзін аднаго падтрымліваць і аб'ядноўвацца ў гэтым пытанні. Асабіста я вось чаму прыйшоў: сярод беларускіх палітвязняў вельмі шмат моладзі і паколькі я сам тата, для мяне боль іх бацькоў вельмі блізкі. У неправавой дзяржаве з дзецьмі можа здарыцца ўсё што заўгодна. Дэмакратыя гэта не толькі выбары, гэта свабодныя СМІ адсутнасць палітзняволеных, беларускія школы." – кажа удзельнік акцыі салідарнасці, сябра Рады Руху "За Свабоду" Алесь Таўстыка.
Алесь Таўстыка прыйшоў на акцыю на запрашэнне праз Фэйсбук, якое яму даслала каляжанка, з якой ён разам вучыўся ў школе знешнепалітычных даследаванняў. Ён лічыць, што гэта вельмі "супераўская кампанія", якая дазваляе праверыць нашыя палітычныя і грамадскія арганізацыі на "вашывасць".
"Калі ў нас ёсць палітзняволеныя, трэба такія акцыі праводзіць разам", – перакананы Алесь Таўстыка.
У акцыі з партрэтамі палітвязняў, якая ладзілася ў Мінску насупраць будынку КДБ, прымалі ўдзел каля 10 чалавек. Многія мінчукі і замежнікі падыходзілі, распытвалі пра людзей, партрэты якіх трымалі пікетоўцы, выказвалі падтрымку. Міліцыянты, якія прыехалі загадзя, правядзенню пікета не перашкаджалі.
Фота Генадзя Верацінскага
Пакінуць новы каментар