Алесю Дзеравянку адмовілі ў аднаўленьні на вучобе
Першамайскі суд Віцебска адмовіў былому студэнту платнага навучання мастацка-графічнага факультэта ВГУ імя Машэрава Алесю Дзеравянку ў аднаўленьні на вучобе.
Прычынай выключэньня ў дэканаце і рэктараце ВНУ назвалі вялікую колькасьць пропускаў заняткаў, але акалічнасьці справы сьведчаць пра іншае. Як высьветлілася ў судзе, Алесем Дзеравянкам займаліся супрацоўнікі КДБ, якія паведамілі ва ўнівэрсітэт, што студэнт удзельнічаў у шматлікіх акцыях, у тым ліку і ў Чарнобыльскім шляху. Адмовіўся Алесь і ад удзелу ў датэрміновым галасаваньні на мясцовых выбарах. Апошняй кропляй стаў тэлефонны званок з РАУС 6 чэрвеня пра тое, што Дзеравянка быццам бы ўдзельнічаў у пікеце каля суду ў падтрымку вядомага праваабаронцы Валерыя Шчукіна. Не чакаючы вынікаў разгляду гэтай справы, кіраўніцтва ВГУ пасьпяшалася пазбавіцца ад актыўнага чальца студэнцкага калектыву і адлічыла яго папярэдняй датай. Пры гэтым, як высьветлілася на судзе, у ВНУ даволі своеасабліва адносіліся да афармленьня адпаведных дакументаў. Нават пракурор быў вымушаны звярнуцца да суддзі Наталлі Броўкі, каб тая вынесла прыватнае азначэньне кіраўніцтву ўніверсітэта за дрэннае выкананьне справаводства і за тое, што ў ВНУ патрабуюць грошы нават за даведку аб адлічэньні. Напэўна, нездарма рэктарат ўніверсітэту ня здолеў прайсьці дзяржаўную атэстацыю. Гэткая інфармацыя была агучана на судзе.
Асаблівую пікантнасць пры разглядзе справы дадало тое, што так і ня быў прадстаўлены пратакол адпаведнага паседжаньня студэнцкага прафкаму – рашэньне гэтага органа абавязковае пры адлічэньні.
Алесь Дзеравянка будзе падаваць апеляцыю й зьбіраецца ісьці да самых вышэйшых судовых інстанцыяў, бо, як кажа, мае асабісты гонар.