Аляксандра Зьдзьвіжкова вызваляюць

zdviznikau.jpg

Тры гады палітвязьню замянілі на тры месяцы, ужо адседжаныя.

Сёньня ў 9.30 Вярхоўны Суд пачаў разгляд касацыйнай скаргі па справе журналіста газэты "Згода" Аляксандра Зьдзьвіжкова, асуджанага, на тры гады турмы за публікацыю карыкатураў на прарока Мухамэда. Паседжаньне было закрытым: журналісты мусілі чакаць абвяшчэньня вынікаў ля ганку суду. Не было ні самога Зьдзьвіжкова, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага, а таксама нікога зь яго сваякоў.

Перагледзець прысуд Зьдзьвіжкову ўчора заклікаў Эўрапарлямэнт. Раней гэта самае патрабаваньне агучвала «Amnesty International», шэраг іншых міжнародных праваабарончых арганізацыяў.

У 10.30 калегія судзьдзяў Вярхоўнага суду пастанавіла, што Зьдзьвіжкоў сапраўды вінаваты, аднак улічыла абставіны -- старая маці, у якой Аляксандар адзін, стан здароўя асуджанага. Тры гады турмы былі замененыя трыма месяцамі арышту, якія А.Зьдзьвіжкоў ужо адседзеў у СІЗА, пакуль ішло сьледзтва.

Аляксандар Зьдзьвіжкоў выйдзе на волю з Валадаркі празь некалькі гадзінаў. 

 

Паводле Нашай Нівы