Аляксандр МІЛІНКЕВІЧ заклікае спыніць новую хвалю рэпрэсіяў супраць моладзевых актывістаў
Бесцырымоннымі і цынічнымі назваў лідэр дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч дзеяньні беларускіх праваахоўных органаў у дачыненьні да моладзёвых актывістаў. І заклікаў беларускую і сусьветную дэмакратычную грамадскасьць, а таксама прадстаўнікоў замежных урадаў і арганізацыяў прыходзіць на так званыя суды і выказваць сваю падтрымку ўсім, хто патрапляе пад молат палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.
“На працягу апошняга тыдня супрацоўнікі міліцыі і КДБ распачалі сапраўднае паляваьнне на моладзёвых актывістаў дэмакратычнага руху. Яны сочаць за імі на вуліцы, арыштоўваюць на плошчах і ў метро, праводзяць ператрусы ў кватэрах, імкнуцца любымі спосабамі ізаляваць маладых людзей. Пры гэтым супрацоўнікі праваахоўных органаў дзейнічаюць бесцырымонна і цынічна, у масавым парадку парушаючы закон.
Не маючы законных падставаў для затрыманьняў, арыштаў і ператрусаў, замест таго, каб шукаць сапраўдных злачынцаў, яны чыняць расправу над грамадска актыўнай моладзьдзю. Гэтым дэманструючы ўсяму сьвету, што ў Беларусі ўлада парушае правы чалавека.
Упэўнены, што далейшыя рэпрэсіі не запалохаюць беларускую моладзь. Наадварот, незаконныя дзеяньні ўлады вядуць да яшчэ большага супраціву і актыўнага змаганьня за свае правы беларускіх грамадзянаў.
Заклікаю беларускую і сусветную дэмакратычную грамадзкасьць, а таксама прадстаўнікоў замежных урадаў і арганізацыяў прыходзіць на так званыя суды і выказваць сваю падтрымку ўсім, хто патрапляе пад молат палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.”