Амбасада Украіны ўшанавала валанцёраў ініцыятывы «Гуманітарны маршрут Беларусь – АТА»
Стваральнік ініцыятывы «Гуманітарны маршрут Беларусь – АТА» гамяльчук Андрэй Стрыжак узнагароджаны ганаровай граматай амбасады Ўкраіны ў Беларусі.
Таксама ўкраінская амбасада ўшанавала і іншых валанцёраў ініцыятывы «Гуманітарны маршрут Беларусь – АТА».
У выступе ва ўкраінскай амбасадзе ў Менску Андрэй Стрыжак адзначыў, што яго дапамога ўкраінцам пачалася яшчэ ў часы Еўрамайдану, калі ён працаваў на гарачай лініі валанцёрскай ініцыятывы «Еўрамайдан-SOS».
Потым, калі ўжо пачалася вайна на Данбасе, з'явілася ідэя займацца гуманітарнай дапамогай у зоне ваеннага канфлікту.
«Наш галоўны накірунак – дапамога людзям, якія знаходзяцца ў зоне канфлікту. Акрамя таго, мы таксама дапамагаем медыкам, якія працуюць у зоне канфлікту», – апавёў Стрыжак.
Часовы павераны ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Валер Джыгун падзякаваў беларускім валанцёрам:
«Цяпер Украіна перажывае няпросты час. Стаіць пытанне пра тое, каб адстаяць суверэнітэт і незалежнасць. І вельмі прыемна, што зараз разам з нашымі патрыётамі беларускія сябры, валанцёры».
Паводле Радыё Свабода.
Пакінуць новы каментар