Андрусь Цянюта распавёў пра падрабязнасьці медычнага дагляду

cianiuta.jpg

Як распавёў юнак прэсс-службе МФ, экспэртыза пачалася а 10-й раніцы й доўжылася 7 з паловай гадзінаў. Напачатку яго дапытвалі ў КДБ, потым адвезьлі не ў псыхіятрычную лякарню ў Бярозках пад Гомлем, дзе яна напачатку павінна была адбывацца, а ў сьпецыяльную ўстанову міліцэйскай экспэртызы.

 

“ Экспэртыза была падзелена на дзьве часткі, – кажа Андрусь, – псыхіятрычная й псыхалягічная, як іх называюць лекары. На псыхіятрычнай экспэртызе прысутнічалі 2 псыхіятры й сьледчы. Адваката са мною не было, на гэтым настаяў сьледчы Сідляроў, па законе ён мае на гэта права. Спачатку псыхіятары задавалі нейтральныя пытаньні, высьвятлялі, ці я не наркаман, ці не маю псыхалягічных хваробаў і г.д, але потым ужо пайшлі пытаньні наконт палітыкі, апазыцыі, Маладога Фронту, майго разуменьня свабоды. На правакацыйныя пытаньні я не адказваў, толькі распавядаў, што цікаўлюся беларускай гісторыяй, культураю, моваю. Было бачна, што псыхіятары правакавалі мяне, але я стараўся заставацца спакойным.

Потым мяне павялі да псыхолягаў, якія , так скажам, правяралі мой розум, памяць, лёгіку: прымушалі складваць нейкія кубікі, табліцы, правяралі мой эмацыйны стан.

Я, дарэчы, чытаў характарыстыку, якую напісала на мяне былая куратарка Данцова Эльвіра Мікалаеўна, там напісаная такая хлусьня й лухта, якую нават складана прыдумаць, напрыклад: у характарыстыцы пазначана, што я хадзіў па тэхнікуме заўсёды ў капялюшы і ўсім казаў, што ў мяне на галаве шапка-нябачнік…. Яшчэ раз заяўляю, што я гэтай хлусьні проста так не пакіну, а буду судзіцца. Проста мне незразумела, чаму мая куратарка так сябе паводзіць, бо ў мяне зь ёю заўсёды былі вельмі добрыя адносіны. Я не сумняваюся, што ў гэтым замяшаныя супрацоўнікі КДБ.

Сёньня я ўпершыню ўбачыў і сваю справу: вялізны том з самай рознай інфармацыяй, там нават ёсьць раздрукоўкі з усіх інтэрнэт-сайтаў, інфармацыя пра мае ўзаемаадносіны з Кірылам Атаманчыкам.

У час экспертызы мне было катэгарычна забаронена зьвязвацца з кім-небудзь, прымусілі адключыць тэлефон і, калі я спрабаваў адказаць на званок, 4 гэбаўцы проста накінуліся на мяне, спрабуючы гвалтоўна забраць тэлефон. Яны былі сапраўды разьюшаныя…

Пасьля экспертызы кэдэбэшнікі адвезьл мяне ў КПЗ, дзе я гадзіну прасядзеў са злачынцамі і толькі потым адпусьцілі”.

Вынікі экспертызы павінны быць на наступным тыдні. “Нічога загадваць ня буду, – дадае Андрусь, – зразумела, спадзяюся на лепшае. Быў такі момант: калі я ўжо выйшаў з кабінэту, пачуў, як гэбоўцы перамаўляліся паміж сабою наконт экспертызы і ў іх праскочыла такая фраза: “трэба зрабіць, каб было як ў Крысьціны Шацікавай”, а калі мяне везьлі на КПЗ адзін зь іх у неафіцыйнай абстаноўцы “сардэчна” сказаў мне: “Лепш ты б пасядзеў два месяцы ў “псыхушцы”, чым у турме”, на што я адказаў: “Ніколі. У турме лепей. Але чаму я ўвогуле павінен дзе-небудзь сядзець? Я нікому зла не рабіў. А вось вы, несумненна, хутка будзеце адказваць за свае злачынствы перад людзьмі, законам і Богам”.