Андрэй Шарэнда арыштаваны на 15 сутак
Суд Маскоўскага раёну г.Берасьце пакараў актывіста Руху “За Свабоду” Андрэя Шарэнду 15 суткамі адміністрацыйнага арышту за ўдзел у прэзентацыі кнігі былога палітвязьня Паўла Севярынца “Лісты зь лесу”. Судзьдзя Вольга Смірнова кваліфікавала дзеяньні Андрэя Шарэнды, як удзел у несанкцыянаваным сходзе. Яшчэ адзін актывіст руху "За Свабоду" Раман Кісьляк пакараны штрафам у дзьве базавыя адзінкі.
Таксама ў бліжэйшыя дні Андрэя Шарэнду чакаецца яшчэ адзін суд. Гэтым разам яго абвінавачваюць у супраціўленьні супрацоўнікам міліцыі.
Андрэй Шарэнда быў затрыманы ўчора зранку ў Берасьце каля пад’езда свайго дому і дастаўлены ў Маскоўскі РАУС г.Берасьце. Актывіста азнаёмілі з “дапрацаваным” пратаколам за ўдзел у несанкцыянаваным сходзе, складзеным на яго 19 жніўня.
Калі Андрэя вялі ў будынак суду, ягоныя сябры Віталь Сымонік і Паліна Панасюк спрабавалі перадаць яму ежу. Супрацоўнікі міліцыі груба адштурхнулі Паліну Панасюк. Андрэй хацеў заступіцца за дзяўчыну, але міліцыянты кінулі яго на зямлю і пачалі зьбіваць. Ужо ў судзе яны папярэдзілі актывіста, што на яго будзе складзены новы пратакол адміністрацыйнага парушэння за супраціўленьне супрацоўнікам міліцыі.
Тым часам былі затрыманыя Віталь Сымонік і Паліна Панасюк. Іх 7 гадзінаў пратрымалі ў машыне. І толькі позьнім вечарам яны былі дастаўленыя ў РАУС, дзе на іх склалі пратаколы аб дробным хуліганстве і супраціўленьне супрацоўнікам міліцыі. Сёньня чакаецца суд над імі.