Андрэя Кіма пераводзяць у Бабруйскую калёнію
Пра гэта nn.by паведаміла маці палітвязьня, Тацяна Кім. Яна даведалася пра гэта сёньня, калі прынесла сыну перадачу ў СІЗА на Валадарскага. Новы адрас, па якім Андрэю можна будзе даслаць ліст, ёй не сказалі.
Нагадаем, што 22-хгадовы Андрэй Кім быў асуджаны 22 красавіка 2008 году да 1,5 году калёніі агульнага рэжыму. Ён быў прызнаны вінаватым у зьбіцьці супрацоўніка ДАІ 21 студзеня. Праходзіў хлопец таксама як абвінавачаны па "справе 14-ці": за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня.
За ўдзел у гэтым мітынгу моладзевым актывістам Уладзімеру Сяргееву і Антону Койпішу далі 3,5 млн рублёў штрафу (па 100 базавых велічыняў), астатнім сямі абвінавачаным -- Міхаілу Пашкевічу, Тацяне Цішкевіч, Міхаілу Крываву, Алесю Бондару, Арцёму Дубскаму, Алесю Стральцову, Алесю Чарнышову -- па 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў калёніі адкрытага тыпу.
Касацыйная скарга па справе Андрэя Кіма была пададзена 2 траўня, але паколькі судзьдзя знаходзіцца ў адпачынку, разгляд скаргі перанесены на чэрвень, паведаміла адвакат Тамара Сідарэнка.
Дарэчы, працяг справы 14-ці будзе ў гэтую пятніцу, калі пачнецца судовы працэс у дачыненьні да Міхаіла Субача, Паўла Вінаградава і Максіма Дашука. 14-ты абвінавачаны -- Аляксандар Баразенка -- з матэрыяламі справы не азнаямліваўся, паколькі вяртацца ў Беларусь не плянуе.
Працэс пачнецца ў 9.30 у судзе Цэнтральнага раёну Менску па адрасе Кірава, 21, заля 406. Разглядаць справу будзе судзьдзя Валеры Есьман.
Паводле Нашай Нівы