Аршанская бітва стала агульнабеларускай
У суботу, 8 верасьня ўлады зрабілі ўсё магчымае для таго, каб сьвяткаваньне угодкаў Аршанскае бітвы не адбылося. Гэтая гістарычная бітва адбылася ля рэчкі Крапівенкі 8-га верасьня 1514 году. Тады войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам Канстанцінам Астроскім перамагло амаль утрая большае войска маскоўскага княства.
Галоўныя падзеі мусілі адбыцца на Крапіўніцкім полі, але ўзмоцненыя нарады міліцыі, дзаржаўтаінспекцыі, супрацоўнікаў КДБ у цывільным, рабілі ўсё магчымае, каб на Крапіўніцкае поле не прапусьціць ніводнага чалавека. Прычым ламаць галаву для пошуку прычыны не давялося: міліцыянты скарасталіся даўно апрабіраваным метадам – там, нібыта, знойдзены боепрыпасы.
Наколькі гэтая падзея запалохала мясцовыя ўлады сьведчыць нават той факт, што з адпачынку быў тэрмінова адкліканы начальнік Аршанскае міліцыі, каб змабілізаваць наяўныя сілы для блякіроўкі гістарычнага месца гонару беларускага народу.
Дзеяньні разгортваліся па ўсёй Беларусі яшчэ з раніцы. Верагодна у абласныя цэнтры быў спушчаны загад, каб не выпускаць з гарадоў дэмакратычную актыўную моладзь, якая зьбіраецца на сьвяткаваньне ў Оршу. Ужо каля 14 гадзінаў дня праваабаронцы з Магілеву паведамілі, што на вакзале былі затрыманы актывісты, у якіх нібыта знойдзены наркотыкі. Сярод затрыманых – кіраўнік гарадзкой суполкі Таварыства беларускай мовы Алег Дзячкоў, моладзевыя актывісты Яўген Бойка, Яўген Сувораў і яшчэ некалькі чалавек. У пастарунку міліцыянты правялі агляд асабістых рэчаў. Пазьней без складаньня пратаколаў іх адпусьцілі.
Крыху пазьней каля 20 чалавек затрымалі на выезьдзе з гораду Орша. Ня менш як 60 чалавек трапілі ў аршанскі райаддзел міліцыі з аўтобуснага прыпынку ў вёсцы Гацькаўшчына. Пад’езд да вёскі быў блякаваны міліцэйскімі машынамі, і ўсіх звозілі ў пастарунак. Пра гэта паведаміла “Свабода”.
У Берасьці моладзь таксама рыхтавалася адзначыць гэтае беларускае сьвята. Але і тут не абышлося без умяшальніцтва міліцыі. Як паведаміў праваабаронца Віктар Вялічкін, супрацоўнікі мясцовай міліцыі пачалі загадзя падцягвацца да месца правядзеньня акцыі.
А тым часам у Воршы быў затрыманы разам з аўтамабілем мясцовы актывіст Юрась Копцік, які займаўся нарыхтоўкай дроў для вогнішча на Крапівенскім полі. Яго абсурдна абвінавачвалі ў крадзяжы дроў, якія былі знойдзены ў аўтамабілі. Прыкладна праз гадзіну стала вядома пра затрыманьне мастака Алеся Пушкіна, якога трымалі ў Аршанскім РАУСе больш за 5 гадзінаў, а таксама моладзь зь іншых гарадоў.
Пазьней паступіла паведамленьне пра затрыманьне яшчэ аднаго актывіста - Дзяніса Садоўскага. На яго склалі пратакол за непадпарадкаваньне дзеяньням міліцыі і нанясеньне драпін на руку аднаму з іх.
Усяго цягам дня было затрымана каля 60 чалавек, якіх даставілі ва упраўленьне міліцыі Аршанскага раёна і гарадскі РАУС. Толькі позна ўвечары ўсіх затрыманых адпусьцілі. Але моладзь знайшла магчымасць адсвяткаваць гэты гістарычны дзень у навакольлі вёскі Гацькаўшчына, дзе сабралася каля сотні актывістаў з розных месцаў Беларусі.
У нядзелю раніцай былі затрыманы яшчэ каля 20 чалавек каля вёсак Сяглава і Гацькаўшчына. Сярод затрыманых - бард Андрэй Мельнікаў, моладзевыя актывісты зь Менску Алена Макарэвіч і Аляксей Янушэўскіі мастак Алесь Пушкін у другі раз.
Па інфармацыі ПЦ Вясна