Арыштаваны Яўген Афнагель
Заяўнік Эўрапейскага Маршу Яўген Афнагель 8 кастрычніка асуджаны Цэнтральным судом Менска да 10 сутак арышту. Як стала вядома сайту Хартыі’97, вонкавае назіраньне за Яўгенам Афнагелем вялося з таго моманту, як актывіст выйшаў з Менгарвыканкаму, дзе ён удзельнічаў у перамовах з гарадзкімі ўладамі з нагоды правядзеньня Эўрапейскага Маршу. Заяўніка Эўрапейскага Маршу судзілі на закрытым працэсе без удзелу адваката.
8 кастрычніка актывіст Яўген Афнагель разам з іншымі заяўнікамі Эўрапейскага Маршу сустракаўся з кіраўніком ідэалягічнага ўпраўленьня Менгарвыканкаму Генадзем Курбекам, намесьнікам пракурора Менска Аляксандрам Стукам і намесьнікам начальніка ГУУС Менгарвыканкама Іванам Мельнікавым. Як сьведчыў пасьля перамоваў сам Яўген Афнагель, сустрэча з прадстаўнікамі гарадзкіх уладаў прайшла «канструктыўна».
Аднак праз некалькі гадзін апазіцыянера арыштавалі. Такім чынам, улады працягваюць арышты арганізатараў Эўрапейскага Маршу.
У сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна ўжо знаходзіцца сябра аргкамітэта Эўрапейскага Маршу Зьміцер Бародка, дэмакратычны актывіст Леанід Навіцкі, праваабаронца Сьвятлана Гарохавік, актывісты Ігар Балыкін і Ігар Цішко.
Па Інфармацыі Хартыі97