Асуджанага пазбавілі права на працу і на хоць якое харчаванне

Інфармацыяй пра ўмовы жыцця ў «Выпраўленчай установе адкрытага тыпу №18» Гомеля падзяліўся адзін з асуджаных, жыхар Рэчыцы Уладзімір Прадкін. Звярнуцца да журналістаў мужчыну вымусіла адчайнае становішча, у якое ён трапіў на «хіміі»: грошай узяць няма адкуль, а харчаванне прадугледжана толькі за свой кошт.

Ва «установу адкрытага тыпу» Уладзімір трапіў па рашэнню суда ў сакавіку. Ён асуджаны за пазыку па аліментах – распаўсюджаны сярод тых, хто адбывае пакаранне на «хіміі» артыкул 174 Крымінальнага кодэксу. Прычым прыкладна 30 мільёнаў – самі аліменты, а 70 мільёнаў – пеня.

Асуджаны жыхар Рэчыцы падкрэслівае, што ніколі не адмаўляўся ад выплаты аліментаў і штомесяц пераводзіў грошы, толькі што іх памер быў невялікі. Не пашанцавала яшчэ ў тым, што ў чалавека згарэў дом, і патрэбны былі грошы на рамонт. А тым часам «лічыльнік» па аліментах цікаў, расла вялікая пеня.

Па законе на «хіміі» яго павінны працаўладкаваць. Але больш за тры месяцы чалавек быў без працы – адміністрацыя ўстановы тлумачыла, што працы няма, а ў краіне цяжкая эканамічная сітуацыя.

Сам Уладзімір уладкавацца на працу не мог – патрэбна накіраванне і ўзгадненне з адміністрацыі ўстановы, дзе ён адбывае пакаранне. «Я колькі разоў знаходзіў працу па абвестках, але трэба дазвол – такая папера, падпісаная трыма чалавекамі з адміністрацыі ўстановы. То аднаго няма, то другога, каб паставіць подпіс. У выніку я тэлефаную на тую працу – а ўжо ўзялі іншага чалавека, пакуль я подпісы ставіў», - зазначыў асуджаны.

Ён пачаў пісаць скаргі ў пракуратуру, у выніку атрымаў працу – рабочым на палову стаўкі ў жаночай калоніі. Жаночая калонія і «хімія» - у розных раёнах гораду, за праезд туды на грамадскім транспарце таксама трэба плаціць грошы. Таму атрымалася такая арыфметыка: мільён заробку, з яго мінус 700 тысяч на выплату пазыкі па зыску, мінус 150 тысяч на праезд на працу і мінус 150 тысяч – за інтэрнат. У выніку на рукі Уладзімір атрымлівае нуль. Тым часам, харчаванне ва выпраўленчай установе – за свой кошт.

«І такіх, як я, чалавек сто на «хіміі», бадзяюцца без працы туды-сюды па інтэрнаце, сядзяць на шыі ў сваякоў, якія даюць ім грошы ці прадукты. У маім выпадку няма каму памагаць, бацькі памерлі, брат сам ледзьве зводзіць канцы з канцамі. Як жыць?», - пытаецца Уладзімір.

Калі ж хто пачынае скардзіцца – адміністрацыя ўстановы «прымае меры» - пазбаўляе выхаду ў горад ці паездкі дахаты і так далей. Калі людзі не плацяць за інтэрнат – могуць трапіць у ШІЗА (штрафны ізалятар).

«Сітуацыя ва ўстанове такая, што людзей даводзяць да стану, калі яны вымушаны ў барацьбе за існаванне ці бегчы адтуль - і такія выпадкі ёсць, бегаюць па 3-5 дзён, да 10 дзён, за гэта яго не пасадзяць, толькі ШІЗА атрымае. А калі больш за 10 дзён - можа трапіць на зону. Ці проста, як кажуць, «дах едзе». Ёсць тыя, што бягуць з канцамі – напрыклад, у Расію, мяжа ж блізка. Чалавек вымушаны ці красці, ці на іншых працаваць на «хіміі» - прыбіраць замест некага, праць бялізну, гатаваць ежу і так далей», - расказвае пра быт «хіміі» асуджаны.

Па правілах, калі ў чалавека зусім няма сродкаў да існавання, то адміністрацыя ўстановы можа аказаць матэрыяльную дапамогу. Уладзімір звяртаўся, але атрымаў адмову – маўляў, у бюджэце няма сродкаў на гэты пункт.

Па яго словах, сярод іншых асуджаных пануе страх, яны баяцца рэпрэсій з боку кіраўніцтва, таму сядзяць на «хіміі» без ніякіх сродкаў для існавання і баяцца скардзіцца.
Уладзімір не выключае, што ў такім адчайным стане можа і абвясціць галадоўку.

Паводле ПЦ "Вясна"

 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку