Баранавіцкі гарвыканкам забараніў першамайскі пікет
Мясцовыя ўлады не далі дазвол прафсаюзнаму актывісту Рыгору Грыку на правядзенне першамайскага пікета, на якім планавалася ўзняць пытанні абароны працоўных, сацыяльных і палітычных правоў грамадзян Беларусі.
У адказе намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дзмітрыя Касцюкевіча паведамляецца, што заяўнік не выканаў усе патрабаванні артыкула 5 закона ад 30 снежня 1997 года № 114-З “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. Пры гэтым, якія нормы закона парушаны, у лісце не ўказваецца.
“Упэўнены, што я выканаў усе патрабаванні закона пры падачы заявы на пікет да міжнароднага дня салідарнасці працоўных. Лічу, што мне не дазволілі правесці пікет таму, што я хацеў выкарыстаць так нелюбімы лозунг дзяржаўных чыноўнікаў “Дзейнасць улады пад грамадзянскі кантроль”. Але, магчыма, пікет забаранілі і таму, што мы мелі намер выказаць пратэст у сувязі з прыняццем Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” і хацелі публічна патрабаваць яго адмены", – пракаментаваў для spring96.org Рыгор Грык.
Грамадскі актывіст мае намер абскарджваць гэтае рашэнне гарвыканкама ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы.
Пакінуць новы каментар