Бацькоўская ініцыятыва дзейнічае

Пад час падзей 25 сакавіка былі наладжаны бацькоўскія варты, якія дзяжурылі пры правядзенні шэсця і ў час мітынга на пляцу ля Акадэміі навук. Дарослыя мужчыны суправаджалі моладзь у калонне руху.

Другая частка бацькоў у гэты час знаходзілася каля памяшканняў Центральнага, Савецкага і Першамайскага РАУсаў, куды пасля 14-15 гадзін была дастаўлена большасць затрыманых юнакоў. Яны паведамлялі прозвішчы затрыманых у інфармацыйныя крыніцы і звязваліся з адвакатамі.

Тыя з бацькоў, хто не мог непасрэдна браць удзел у падзеях, далучыліся да супольнай малітвы ў час імшы ў Архікатэдральным касцеле імя Найсвяцейшай Панны Марыі з раніцы 25 сакавіка. Іншыя знайшлі магчымасць з гасціннасцю размясціць на прыватных кватэрах актывістаў, якія прыбылі з рэгіенаў.