Бацькі беларускамоўных дзяцей патрабуюць беларускамоўнага навучання
Бацькі дзяцей былога адзінага беларускамоўнага класа ў Баранавічах Таццяна і Алег Малашчанкі, а таксама Антаніна і Васіль Філіпчыкі накіравалі ліст-зварот міністру адукацыі Сяргею Міскевічу, у якім адзначылі, што іх дзеці маюць праблему з працягам навучання на роднай мове.
У лісце паведамляецца, што ў гэтым годзе іх дзеці Ядзвіга Малашчанка і Аліса Філіпчык скончылі адзіны ў горадзе чацвёрты беларускамоўны клас СШ № 14 і ў сувязі з пераменай месца жыхарства падалі заяву на навучанне па-беларуску ў пяты клас гімназіі № 4. Але гарадскія і школьныя чыноўнікі адмовіліся стварыць беларускамоўны клас, нагадвае spring96.org
“Канстытуцыя, а таксама закон аб роўнасці дзвюх дзяржаўных моваў і Кодекс РБ аб адукацыі забяспечваюць нам права выбару мовы адукацыі ў любой навучальнай установе краіны. Таму незразумела, чаму мы амаль 5 месяцаў павінны працягваць змаганне з дзяржаўнымі і школьнымі чыноўнікамі. Усе адмоўныя адказы на нашыя звароты аб жаданні вучыцца па-беларуску нам пішуцца быццам нібыта па нейчыей ўказцы і адной рукой. Спачатку чыноўнікі спасылаліся на сярэднюю напаўняльнасць класаў, падвышаючы кожны раз лічбу, затым – на вынікі сумоўя з іншымі бацькамі, цяпер – на стварэнне нейкіх “спрыяльных умоў для ўдзелу ў пазакласных мерапрыемствах… якія прадугледжваюць стварэнне камунікацыі, асяроддзя, зносін на беларускай мове… ў акрэсленых рамках”. Мы просім адукацыі па-беларуску, а нам прапануюць нейкую “камунікацыю на беларускай мове” ва ўмовах “русского мира”. У выніку бюракратычная цяганіна доўжыцца, а навучання на роднай мове няма, таму мы і звярнуліся да міністра адукацыі”, – паведаміла Таццяна Малашчанка.
Такім чынам, бацькі беларускамоўных дзяўчынак настойваюць на выкананні іх законных патрабаванняў і просяць міністра адукацыі забяспечыць навучанне Алісы Філіпчык і Ядзвігі Малашчанкіна дзяржаўнай беларускай мове ў гімназіі №4 г. Баранавічы.
Пакінуць новы каментар