Беларускіх рэжысэраў выгадуе Лодзь
За неардынарныя эстэтычныя погляды і троххвілінны ролік, у якім прамільгнула нацыянальная сымболіка, дваццацігадовы Рыгор Цісецкі ў 2006 годзе быў адлічаны зь Беларускай Акадэміі мастацтваў. Некаторы час малады чалавек адчуваў расчараваньне і адчай. Але Рыгору пашанцавала трапіць ў Польшчу па Праграме імя К. Каліноўскага. Там зьдзейсьнілася ягоная мара – ён быў накіраваны на навучаньне і стажыроўку ў знакамітую Школу Кіно ў Лодзі. Кантакты з знакамітымі акторамі і рэжысэрамі – такімі, як Анджэй Вайда, Кшыштаф Занусі, Міраслаў Дэмбіньскі – зьмянілі жыцьцё маладога чалавека. Міраслаў Дэмбінькі зьяўляецца, дарэчы, ягоным куратарам у навучаньні. Знаходячыся ў Эўропе, Рыгор адчуў магчымасьці для свабоднай творчасьці, пазбаўленай ідэалягічнага ціску, перажыў сапраўдны росквіт асобы і адкрыў прастор для раскрыцьця свайго таленту.
Троххвілінны фільм “Еўгенія”, зняты па ягонаму сцэнару, удзельнічаў у Канскім кінафэстывалі ў групе А.
Рыгор Цісецкі запісаўся ў Школе на ўсе магчымыя лекцыі. Ён з задавальненьнем дапамагае іншым стажорам. Разам зь імі ён выконвае дыплёмную працу для апэратараў 3 курса. Акторы і апэратары ідуць Рыгору насустрач. Яны разам увасабляюць у жыцьцё ідэі, якія дома на Беларусі камусьці здаваліся недарэчнымі. Вельмі добра ставіцца да яго і Катэдра апэратарскага мастацтва.
Зь юнацтва Рыгор імкуўся да творчасьці і самавыражэньня. З 13 гадоў ён пачаў пісаць вершы. Некаторыя зь іх закраналі праблему ўнутранага страху чалавека. На радзіме Рыгору зь ягоным кірункам думак пагражала псіхушка альбо турма. Яшчэ падчас вучобы ў ліцэйскай біялягічнай клясе школы Рыгор марыў стаць кінарэжысэрам. Ён імкнуўся зразумець псыхалёгію чалавека, матывы ягоных паводзінаў, зазірнуць ува ўнутраны сьвет асобы.