Беларускіх фрылансераў падтрымалі ў Аўстрыі, Германіі, Польшчы і Фінляндыі
Аўстрыйскі саюз журналістаў (ÖGB), Саюз польскіх журналістаў (SDP), амбудсмен Саюза журналістаў Фінляндыі Юха Рэкола (Juha Rekola), а таксама аддзел публіцыстыкі і медыя Нямецкага саюза журналістаў (DJU in ver.di) накіравалі ў Міністэрства інфармацыі Беларусі лісты з заклікам распачаць дыялог пра ўвядзенне статусу журналіста-фрылансера ў беларускае заканадаўства.
Замежныя журналісты заклікалі правесці круглы стол для распрацоўкі праекту адпаведных паправак да закона Беларусі "Аб сродках масавай інфармацыі", а таксама ўвесці заяўны прынцып акрэдытацыі на журналісцкую дзейнасць у Беларусі, паведамляе сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў.
БАЖ нагадвае, што з ініцыятывай звароту да беларускага міністра інфармацыі выступіла Еўрапейская федэрацыя журналістаў. Прэзідэнт ЕФЖ Могенс Бліхер Б'ерэгард у пачатку сакавіка накіраваў зварот да міністра інфармацыі Беларусі Ліліі Ананіч з заклікам распачаць дыялог пра ўвядзенне статусу журналіста-фрылансера ў беларускае заканадаўства.
Еўрапейская федэрацыя журналістаў заклікала сваіх сябраў, а таксама філіі і суполкі журналістаў-фрылансераў па ўсёй Еўропе далучыцца да звароту і накіраваць свае петыцыі на адрас міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Пакінуць новы каментар