Беларускія праваабаронцы агучылі супольную пазіцыю
Праваабаронцы адзначаюць, што сістэмных зменаў, накіраваных на якаснае змяненне сітуацыі ў галіне правоў чалавека, не адбылося. Яны заклікаюць міжнародную супольнасць працягваць маніторынг сітуацыі з правамі чалавека у Беларусі, узгадніць з беларускімі ўладамі "дарожную мапу" на шляху паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека і прапануюць шэраг канкрэтных крокаў у гэтым кірунку.
Узгодненая пазіцыя ППУ "Офіс па правах людзей з інваліднасцю", Цэнтра прававой трансфармацыі, ПУ "Беларускі дакументацыйны цэнтр”, Асветніцка-дабрачыннай ўстановы “Камітэт “Салідарнасьць”, Экспертна-прававога таварыства "Ініцыятыва FORB”
Праваабарончага цэнтра “Вясна”, ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
Мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, адзначаем, што нягледзячы на некаторыя пазітыўныя тэндэнцыі, якія назіраюцца ў краіне на працягу апошніх шасці месяцаў, сістэмных зменаў, накіраваных на якаснае змяненне сітуацыі ў галіне правоў чалавека, не адбылося. У сувязі з гэтым, лічым далейшае паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека галоўным прыярытэтам як у працы беларускіх праваабаронцаў, так і для міжнародных партнёраў пры вызначэнні стратэгіі ўзаемадзеяння з Беларуссю.
Мы заклікаем міжнародную супольнасць:
1. Працягваць міжнародны маніторынг сітуацыі з правамі чалавека, у тым ліку працягнуўшы мандат спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
2. Еўрапейскі Саюз прыняць у фармаце заключэння Савета ЕС і абнародаваць план першачарговых чаканых ад уладаў Рэспублікі Беларусь захадаў, скіраваных на прагрэс у галіне правоў чалавека ў краіне. Узгадніць з беларускімі ўладамі "дарожную мапу" па імплементацыі такога плана, які павінен уключаць поўнае супрацоўніцтва з механізмамі ААН і АБСЕ і пункты, вызначаныя ў адкрытым звароце беларускіх праваабарончых арганізацый ад 9 снежня 2015 г.:
2.1. Спыненне палітычна матываваных крымінальных спраў у дачыненні да журналіста Аляксандра Алесіна, графіцістаў Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага, Вячаслава Касінерава і Яраслава Ульяненкава, палітыка Алеся Міхалевіча; перагляд у адкрытым судовым працэсе крымінальнай справы ў дачыненні да Міхаіла Жамчужнага (заснавальніка праваабарончай арганізацыі «Платформа інавейшэн»); зняццё судзімасці для аднаўлення грамадзянскіх і палітычных правоў у дачыненні да былых палітвязняў.
2.2. Зняццё забароны на ўезд у краіну беларускай праваабаронцы Алене Танкачовай, а таксама гарантыі бяспечных ўмоваў вяртання ў Беларусь асоб, якія вымушана пакінулі краіну ў выніку палітычных пераследаў.
2.3. Рэгістрацыя Праваабарончага цэнтра "Вясна" і іншых некамерцыйных арганізацый, якія звярнуліся за рэгістрацыяй.
2.4. Спыненне пераследу журналістаў «Белсат» і «Беларускае радыё «Рацыя », іншых журналістаў, матэрыялы якіх з'яўляюцца ў замежных СМІ, і не перашкаджаць ажыццяўленню іх прафесійнай дзейнасці ў краіне.
2.5. Увядзенне мараторыя на выкананне смяротных прысудаў.
2.6. Адмена артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама забароны на дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый.
2.7. Пачатак планамернай працы па прывядзенні заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі.
3. Разглядаць беларускую праваабарончую супольнасць як суб'ект дыялогу па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю і паміж ЗША і Беларуссю і ўключыць яе ў гэтыя працэсы як паўнапраўнага партнёра.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі лічаць, што спалучэнне пастаяннага маніторынгу, палітычнага ціску і аб'яднальнага дыялогу, які адкрывае прастору для грамадзянскай супольнасці, неабходна для прагрэсу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
Пакінуць новы каментар