Беларусь развіталася з Генадзем Бураўкіным
Некалькі сотняў чалавек прыйшлі да Мінскага сабора Святых апосталаў Пятра і Паўла, каб развітацца з Генадзем Бураўкіным. Паэт, журналіст, старшыня беларускага Дзяржаўнага тэлебачання і радыё, сталы прадстаўнік Беларусі ў ААН, надзвычайны і поўнамоцны амбасадар, Дэпутат вярхоўнага Савету, ініцыятар «Закону аб мовах», аўтар любімых песень, сярод якіх славутыя «Калыханка» і «Завіруха», пакінуў Беларусь на 77-м годзе жыцця.
Цырымонія пачалася ў Свята-Петрапалаўскім саборы пад дробны амаль летні дождж, які безупынна суправаджаў развітаньне. Але не перашкодзіў сотням людзей прыйсці ў цэнтар Мінску, каб ушанаваць памяць Генадзя Бураўкіна. Развітацца прыйшлі пісьменьнікі і палітыкі, акторы, кампазытары, журналісты. Здавалася, хаваюць, чалавека паважанага ўзросту, але шмат кветак прынеслі зусім маладыя людзі і дзеці.
У сабор прыйшлі Аляксандр Казулін і Уладзімер Някляеў, Анатоль Вярцінскі і Анатоль Дудараў, Эдуард Ханок і Генадзь Гарбук, Уладзімер Арлоў, Барыс Пятровіч, Рыгор Сітніца.
Адпавялі Генадзя Бураўкіна па праваслаўным абрадзе. Падчас развітальных прамоваў сябры і аднадумцы згадвалі яго і як знанага паэта, і як палітычнага і грамадскага дзеяча, і як чалавека, які стварыў нацыянальнае тэлебачанне.
Адным з першых выступіў Станіслаў Шушкевіч, які ведаў Генадзя Бураўкіна шэсць дзясяткаў гадоў.
Станіслаў Шушкевіч: «Я магу сказаць, што ён заўсёды служыў Беларусі. Заўсёды. Ён служыў той Беларусі, якая была. Але так, каб гэта ішло на карысць той Беларусі, якая павінна быць, якая будзе. І ў яго хапіла мудрасці так служыць. Няхай гэта будзе цудоўным прыкладам для маладых, для дарослых. Для ўсіх тых, хто любіць Белараусь».
Надзвычай эмацыйнымі былі словы Ўладзімера Арлова.
«Полацкая душа вельмі верыць у дзівосы. І спадар Генадзь верыў у дзівосы, але ня толькі верыў, але і сам іх ствараў. Адным з такіх дзіваў была беларусізацыя нашага тэлебачання. Ён стварыў беларускае нацыянальнае тэлебачанне. І ў час нашай апошняй размовы мы згадвалі, якой падзеяй было тое, што спартыўныя рэпартажы вяліся па-беларуску. Якое шчасце было для нас — тады заўзятараў мінскага Дынама. А Генадзь Мікалаевіч распавёў пра тое, як атрымаў ліст ад старога заўзятара, вельмі сталага чалавека, яшчэ сябра Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, які яму напісаў: „Сёння, дзякуючы вам, Генадзь Мікалаевіч, я паглядзеў футбольны рэпартаж па-беларуску. Цяпер я магу спакойна памерці».
Разьвітанне з Генадзем Мікалаевічам Бураўкіным працягнулася на Ўсходніх могілках, дзе ад сёння будзе месца ўшанаваньня ягонай памяці. Калі разьвітальная працэсія з кветкамі і вянкамі рушыла з сабора, над ёй узняўся бел-чырвона-белы сцяг.
Пакінуць новы каментар