Беларусь у Балонскай прасторы

Што ўяўляюць сабой беларускія ВНУ? Які шлях трэба прайсці нашай сістэме вышэйшай адукацыі, каб стаць на адзін узровень з еўрапейскімі універсітэтамі? Над гэтымі пытаннямі разважае выпускніца праграмы Каліноўскага Людміла Асіпенка з нагоды далучэння Беларусі да Балонскай сістэмы.

Беларусь далучылася да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і перастала быць адзінай белай плямай-краінай на мапе ад Лісабону да Уладзівастока.

Пазітыўна, што гэтае рашэнне адчыняе для студэнтаў новыя магчымасці ўдзелу ў праграмах абмену. А таксама дае надзею, што спросціцца механізм прызнання беларускіх дыпломаў за мяжой.

Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў заявіў, што далучэнне Беларусі ў еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі “адлюстроўвае прызнанне міжнароднай супольнасцю беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі і пацвярджае той факт, што нацыянальная мадэль канкурэнтназдольная і зможа інтэгравацца ў сусветную адукацыйную прастору”.

Каб здэфінаваць “канкурэнтаздольнасць” айчыннай адукацыі, на маю думку, неабходна сфармуляваць індыкатары, па якіх ацэньваецца якасць адукацыі. Калі мы кажам пра беларусаў, як пра адну з самых адукаваных нацый, абапіраючыся выключна на колькасць выпускнікоў, якія штогод сканчваюць ВНУ, то інгнаруем тым самым такія важныя аспекты, як падрыхтоўку выкладчыкаў, матэрыяльную забяспечанасць універсітэтаў, прагрэсіўныя метады навучання, адкрытасць і незалежнасць навукі, доступ да сучаснай навуковай літаратуры, а таксама высокія патрабаванні агульнай адукаванасці студэнтаў.

Адной з ключавых прычын зніжэння якасці беларускай адукацыі з’яўляецца яе даступнасць нават для тых, хто не здольны засвоіць праграму абранай спецыяльнасці і здаць іспыты. Рэчаіснасць такая, што многія ўніверсітэты мусяць утрымліваць студэнтаў-платнікаў з акадэмічнымі дэфіцытамі толькі таму, каб выжыць фінансава. Выкладчыкі пастаўлены ў залежнасць і ставяць залікі такім студэнтам, каб зніжэнне колькасці студэнтаў не пацягнула за сабой скарачэнне гадзінаў выкладання, а адпаведна – і выкладчыцкіх і без таго нізкіх заробкаў. Такім чынам, правілы для атрымання дыплому з’яўляюцца абавязковымі не для ўсіх. Сёння ўніверсітэцкі дыплом пры прыёме на працу з’яўляецца ледзь не даведкай, што яго ўласнік не поўны дурань. І такі падыход дэвальвуе любы дыплом аб вышэйшай адукацыі.

У многіх еўрапейскіх краінах ёсць разуменне элітарнасці вышэйшай адукацыі. І, адпаведна, прызнанне ўдзельнікаў вучэбнага працэсу як людзей прынцыповых, адказных і ўплывовых. Універсітэцкія прафесары за мяжой карыстаюцца вялікай павагай і пашанай у грамадстве, узровень даверу да іх – адзін з самых высокіх у параўнанні з іншымі прафесіямі. Іх меркаванні цытуюцца ў сродках масавай інфармацыі, іх запрашаюць у каманды палітыкаў кансультантамі. Быць выкладчыкам у Беларусі непрэстыжна. Заробак у тры мільёны кажа пра тых, хто згодны за яго працаваць, – апантаныя энтузіясты ці тыя, што не здолелі нідзе рэалізаваць сябе. Для прыкладу: заробак настаўніка гімназіі ў Берліне перавышае 4000 еўра ў месяц. Прафесар, натуральна, атрымлівае больш. Гэта сумма з’яўляецца высокай нават для немцаў, аднак, грамадства разумее, што ад настаўнікаў залежыць тое, якім вырасце наступнае пакаленне. І, калі мы хочам жыць у цывілізаваным грамадстве, дзе нас атачаюць адказныя нераўнадушныя адукаваныя людзі, то гэтая інвестыцыя цалкам апраўданая.

Каб павысіць узровень універсітэцкай адукацыі ў Беларусі, варта запрашаць прынамсі ў якасці гасцявых прафесараў на спецкурсы паспяховых людзей з палітыкі і камерцыйнага сектару, якія сваім прыкладам могуць натхніць, падзяліцца досведам і ведамі. Падчас маёй вучобы ў Вольным універсітэце Берліна, двухсеместровы курс па PR выкладала цяперашняя міністарка культуры Нямеччыны Моніка Грюттэрс, а такія прадметы, як “фондавы мэнэджмэнт” і “музычны бізнэс” кіраўнік аднога з буйнейшых нямецкіх фондаў і ўласнік музычнага выдавецтва, – усе профі ў сваёй справе. Натуральна, што гэта таксама не самі сабой зразумелыя рэчы для многіх еўрапейскіх універсітэтаў, аднак да гэтага варта імкнуцца і інвеставаць у адукацыю і ў перападрыхтоўку выкладчыкаў.

Трэба даваць магчымасць самым перспектыўным і здольным удзельнічаць у замежных стажыроўках, у тым ліку і аплочваць іх. У Беларусі адукацыя і культура – якраз тыя сферы, на якіх дзяржава звыкла ашчаджаць. Тут зноў бачна, наколькі цесна знітаваны праблемы ў адукацыйным сектары з неабходнасцю рэфармавання беларускай эканомікі.

У нямецкіх і польскіх універсітэтах наяўнасць уласнага кабінета для выкладчыка – гэта норма, якая дазваляе плённую прадуктыўную працу. Панятку „кафедры“, на якой туляцца восем выкладчыкаў і пяць лабарантаў, проста не існуе. У той час, як адміністрацыйны апарат беларускіх універсітэтаў раздуты да абсурдных масштабаў, у Нямеччыне ў дэкана факультэта толькі адна сакратарка. Большасць штату складаецца з прафесароў ды навуковых супрацоўнікаў.

Навука ў любой краіне не можа развівацца аўтаномна. Каб з’яўляліся адкрыцці і даследванні, варта, каб вучоныя наведвалі канферэнцыі і сімпозіумы, на якіх даведваліся б пра новыя падыходы ў сваіх тэмах і здабывалі б кантакты за мяжой для будучай супрацы. Адным з вельмі істотных бар’ераў у рэалізацыі паўнавартаснага акадэмічнага абмену і супрацы ў навуковым асяроддзі з сусветнымі даследчыкамі нават пры наяўнасці дастатковых сродкаў з’яўляецца кепскае валоданне замежнымі мовамі. Навуковыя працы, напісаныя пры выкарыстанні толькі рускамоўных крыніц, не могуць канкураваць з тымі даследаваннямі, у якіх выкарыстоўваліся шматлікія крыніцы на розных мовах. Усе мае знаёмыя, якія пішуць ці ўжо абаранілі доктарскія працы ў Берліне, рыхтуюць свае даследаванні да публікацыі па-ангельску, паколькі ведаюць, што з нямецкамоўнай доктарскай яны наканаваныя на тое, каб застацца ў нямецкамоўным акадэмічным гетта, і тым самым зніжаюць свае шанцы да далейшае прафесійнае развіццё. Большасць жа беларускіх ВНУ можа разлічваць на састарэлы і не абнаўляемы друкаваны фонд уласных бібліятэк, не маючы магчымасці карыстацца платнымі навуковымі падпіскамі і базамі дадзеных у Інтэрнэце.

На жаль, да гэтага разумення нам яшчэ вельмі далёка, паколькі прычыны крыюцца не ў апошнюю чаргу ў тым, што падрыхтоўка выкладчыкаў замежных моў таксама моцна кульгае. У нямецкіх універсітэтах, калі студэнт вывучае замежныя мовы і жадае стаць выкладчыкам (ці перакладчыкам) пэўнай мовы, то ён абавязаны правесці мінімум семестр у той краіне, мову якой ён вывучае. Інакш ён проста не атрымае дыплом. Тут я з жахам узгадваю свае ўрокі ангельскай у правінцыйнай беларускай школе, калі настаўніца не папраўляла ні памылкі, ні вымаўленне, і часам даходзіла да такіх абсурдных выразаў, як „мадэ ін канада“ (made in Canada) ці „сюсюмбэр“ (cucumber), якія зараз выклікаюць гістэрычны смех. Добрыя спецыялісты ў галіне замежных моў могуць заўсёды прымяніць свае веды ў камерцыйных структурах, таму адукацыйныя ўстановы мусяць прапанаваць ім як мінімум не горшыя ўмовы працы і справядлівы заробак.

Можна пералічыць яшчэ мноства пунктаў, якія пацвярджаюць, што перад беларускай сістэмай адукацыі – вялікі шлях, каб паставіць пад агульны дзельнік з заходнееўрапейскай. Прыняцце ў Балонскую сістэму з’яўляецца для Беларусі вельмі пазітыўным крокам і вялікім шанцам, аднак, варта прыкласці нямала высілкаў самім, каб вывесці вышэйшую адукацыю на еўрапейскі ўзровень. З іншага боку, не варта думаць, што гэта – адзіная і самая дасканалая сістэма на ўсе часы.

Яшчэ гадоў сем-восем назад у Еўропе моцна крытыкавалі Балонскую сістэму праз яе недасканаласць і скарочанасць праграмаў, французскія студэнты страйкавалі амаль цэлы семестр і адмянілі сабе ўсе заняткі на гэты час, нямецкія – расстаўлялі намёты ў аўдыторыях і ладзілі канцэрты музыкаў, каб выказаць свой пратэст. Яны мелі і акадэмічныя свабоды, і праграмы мабільнасці, і студэнцкае самакіраванне. І яшчэ без Балонскай сістэмы…

Паводле adukacyja.info

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку