Беларусь – горшая на кантыненце краіна ў выкананні правоў працоўных
Такія дадзеныя ўтрымліваюцца ў глабальным індэксе правоў працоўных-2016, падрыхтаваным Міжнароднай Канфедэрацыяй прафсаюзаў.
Глабальны індэкс, падрыхтаваны экспертамі Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, ранжыруе 141 краіну на аснове 97 паказчыкаў. Кожная краіна ў рэйтынгу адносіцца да адной з шасці груп. Найбольш сумная сітуацыя складваецца ў дзвюх групах, адзначаных «пяцёркай» па пяцібальнай сістэме.
У групу «5+» уваходзяць краіны, дзе дзяржава дэ-факта разбурана – Лівія, Сірыя, Ірак, Самалі, Судан, Палестына і інш.
У групу «5» патрапілі краіны, дзе парушаюць правы працоўных, пераследуюць прафсаюзных актывістаў – Алжыр, Беларусь, Бангладэш, Камбоджа, Кітай, Турцыя, Украіна, Катар, Зімбабвэ і іншыя.
Пры гэтым Беларусь трапіла ў «Дзесятку горшых краін у свеце для працаўнікоў», хаця ў нас і "няма вайны".
«Разам з Гватэмалай, Камбоджа і Кітаем, дзе цалкам ігнаруюцца працоўныя правы, на нашым кантыненце найгоршая сітуацыя прызнана ў Рэспубліцы Беларусь. У гэтай краіне некалькімі прэзідэнцкімі ўказамі ўведзена прымусовая праца ў шэрагу сектараў эканомікі і НЕ прызнаюцца правы незалежных прафсаюзаў», – заявіў прэзідэнт Канфедэрацыі працы Расіі Барыс Краўчанка.
Як адзначаецца ў глабальным індэксе, у Беларусі працоўныя вельмі абмежаваныя ў ажыццяўленні сваіх асноўных правоў. У даследаванні паказваецца, што адмысловы дакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці, яшчэ раз пацвердзіў, што ў краіне працягваецца «сістэматычнае парушэнне правоў чалавека, у прыватнасці, грамадзянскіх і палітычных правоў» і, у прыватнасці, душацца незалежныя прафсаюзы.
«Апроч сур'ёзных парушэнняў права на свабоду аб'яднанняў, урад цяпер прасоўвае прымусовую працу», – гаворыцца ў індэксе. Гаворка ідзе аб падпісаным у снежні 2012 указе, які агаворвае, што дзейнасць работнікаў, занятых на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах, не можа быць спыненая без згоды працадаўцы.
Акрамя таго, у індэксе, у якасці негатыўнай з'явы, згадваецца ўказ аб барацьбе з дармаедствам.
Паводле novychas.by
Пакінуць новы каментар