Будаўнік з Рагачова хоча праверыць дэкрэт аб дармаедах на канстытуцыйнасць
Падатковая інспекцыя папрасіла жыхара Рагачова Аляксандра Антонава даць справаздачу «за ўдзел у фінансавання дзяржаўных выдаткаў» у 2015 годзе. Беспрацоўны будаўнік выплачваць збор на беспрацоўных адмовіўся і заявіў, што будзе ў судзе даказваць актыканстытуцыйнасць прэзідэнцкага Дэкрэта аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства, сумна вядомага ў народзе як Дэкрэт аб дармаедах.
Зараз Аляксандр працуе на будоўлі, а вось у мінулым годзе работы не знайшоў, нават на біржы працы лічыўся некалькі месяцаў беспрацоўным. Так атрымалася, што не працаваў звыш паўгода і трапіў пад санкцыі прэзідэнцкага дэкрэта, паведамляе profrep.by.
«З мяне патрабуюць выплаты падатку на беспрацоўных, а я ў сваю чаргу вырашыў па гэтым пытанні пачаць стратэгічную цяжбу, бо яшчэ ніхто ў нашай краіне пасля з'яўлення злапомнага дэкрэта аб дармаедамі не паставіў пытанне ў судзе аб яго канстытуцыйнасці. Маімі цяжбамі ў судах будзе займацца Гомельскі Цэнтр стратэгічнай цяжбы», - заявіў рагачоўскі будаўнік.
Аляксандр кажа, што хоча дайсці да Вярхоўнага суда, да Генеральнай пракуратуры, бо любы спажывец, які працуе альбо не працуе, з'яўляецца пакупніком, а значыць, удзельнічае ў фінансаванні дзяржвыдаткаў, выплачваючы ўскосныя падаткі (ПДВ і акцызы), якія, так ці інакш, уключаюцца ў кошт тавараў і паслуг.
«Канстытуцыяй устаноўлена, што грамадзяне абавязаны прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў. Падатковы кодэкс, падаткамі прызнае, у тым ліку і такія ўскосныя падаткі, як падатак на даданую вартасць і акцызы. За юрыдычна значныя дзеянні зборы (пошлiны) выплачваюць усе без выключэння грамадзяне, і працуючыя, і не працуючыя. Такім чынам, папракнуць беспрацоўнага ў няўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных расходаў нельга», - абгрунтоўвае прававую пазіцыю кіраўнік Гомельскага Цэнтра стратэгічнай цяжбы і прававы інспектар прафсаюза РЭП па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка.
Збор на беспрацоўных не ўзгадняецца з ніводнай пералічаных у Падатковым кодэксе паняццем, яго можна аднесці толькі да іншых плацяжоў. Гэты збор з'яўляецца эксклюзіўным, паколькі вынайдзены толькі ў Беларусі. Ні ў адной краіне свету беспрацоўныя не абкладаюцца падаткамі, бо з'яўляюцца найбольш сацыяльна ўразлівымі групамі насельніцтва.
Варта дадаць, што праваабаронцы ў Дэкрэце аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства бачаць прыкметы прымусу да працы, паколькі паводле дэкрэта сплачваць грошы за тое, што чалавек не працаваў абавязкова і нават прадугледжана пакаранне за адмову сплачваць падатак на беспрацоўных.
Пакінуць новы каментар