Буланаў: “Выратоўвала сям’я і музыка”
Зміцер Буланаў быў вызвалены з Магілеўскай калоніі 1 верасня разам з групай з 11 чалавек. Дома яго чакалі маці Клаўдзія Якаўлеўна і нявеста Надзя. Інтэлегентнаму, добра выхаванаму маладому чалавеку, дзякуючы падтрымцы родных і ўлюбёнаму хобі – музыцы, удалося захаваць раўнавагу і ўнутраны спакой.
- Зміцер, раскажыце, калі ласка, пра сябе.
- Пасля медыцынскай вучэльні я працаваў два гады па размяркаванню. Потым быў заняты ў камерцыйных структурах у сферы медыцыны. Паступова вырашыў звязаць жыццё з музыкай.
Я паступіў ў Інстытут сучасных ведаў на спецыяльнасць “Прадзюсаванне”, заняўся кампутарнай аранжыроўкай, граю на бас-гітары. Зараз імкнуся аднавіць свой графік. Раней я граў у некалькіх калектывах, стварыў свой уласны музычны калектыў.
У снежні 2010 года, як грамадзян, я імкнуўся падтрымаць кандыдатаў, выказаць салідарнасць з людзямі, якія пайшлі супраць ілжы, фальсыфікацыі выбараў, парушэння законаў і правоў чалавека. Раней не быў сябрам ніякіх грамадскіх ініцыятыў. 19 снежня быў у цэнтры падзей кароткі прамежак часу, але патрапіў у поле зроку відэакамер, так мяне і вылучылі. Пасля адбыцця 10 сутак арышту на Акрэсціна, з траўмай галавы мяне вазілі ў бальніцу хуткай дапамогі – і зашывалі параненне.
-Вам прышлося сядзець ні за што. Вы хварэлі, траплялі ў шпіталь турэмны. Як Вы ацэньваеце стан медыцынскага абслугоўвання ў турме і калоніі? Ці праяўляў хто-небудзь спачуванне да Вас ў СІЗА?
-Ёсць людзі, якія ставяцца як мае быць, іншыя – абыякава, фармальна. Яны могуць слухаць, але каб яны дзейнічалі - патрэбны ціск зверху. Зняволеных шмат, лекараў мала, не кожны туды пойдзе.. Звычайнаму вязню, пра якога не ведае грамадскасць, у каго няма сяброў – дапамогі чакаць няма адкуль. СІЗА перапоўнена. Яны рабілі спробу перавесці частку людзей з Валадарскага ў Жодзіна. Летам у некаторых камерах павышаная вільготнасць, частыя скразнякі, могуць узнікаць кожныя і іншыя захворванні.
-Занепакоеныя станам Вашага здароўя, родныя грукаліся да кіраўнікоў турмы і бальніцы на Кальварыйскай,пісалі ў інтэрнэце.
-Падтрымку я адчуваў вельмі моцна. У пэўны момант пайшлі зрухі, мяне запрасілі ў высокі кабінет,са мной пагутарылі. Я паведаміў, што ў мяне ёсць адукацыя медыка, я разумею, што мяне лечаць некарэктна, непрафесійна і гэта не мэтазгодна. Пасля таго былі прыняты меры - мне зрабілі ўсе неабходныя аналізы і адправілі на Кальварыйскую на абследванне, ў шпіталь.
У калоніі з’явілась магчымасць быць на свежым паветры, самому сачыць за сваім здароўем, гігіенай, прагулкамі.Там абмежавана свабода перасоўвання, але можна выбраць сабе занятак.
-Ці прымушалі Вас хадзіць на працу?
-У гэтай калоніі праца незапатрабаваная.Не заўсёды есць замовы на зборку мэблі, хлебапякарня не загружана працай. Наш атрад быў запісаны на выраб папяровых пакункаў для вугля. За адмову хадзіць на працу адпраўлялі у ШЫЗА. Самі зэкі сочаць за зэкамі. Сістэма так пабудавана - каб зэк пільнаваў зэка.
Я стараўся поводзіць сабе непрыкметна, не прыцягваць увагі, больш маўчаць.
-Вядома, што у месцах пазбаўлення волі таленавітых людзей запрашаюць да самадзейнасці, пэўных праяваў творчасці. Ці удалося Вам гэта?
-Так, там ёсць клуб, дзе ўсё калісьці рабілася сіламі зняволеных . Нейкія вязні-музыкі пакінулі барабанную ўстаноўку на баланс калоніі, былі іншыя інструменты.
Мне было дазволена прыходзіць у клуб і займацца, граць. Прыходзіў, спакойна браў інструмент. Усё вырашалася праз дазвол загадчыка гаспадаркай. Па вечарах дазвалялася наведваць знаёмых з іншых атрадаў.
Па газетах адсочваў сітуацыю і параўноўваў з інфармацыяй з тэлебачання.
У калоніі са мной быў Аляксандр Малчанаў.Там цяпер знаходзяцца анархісты Дзядок і Васьковіч. Уладапрызнала іх палітвязнямі , бо да іх таксама падыходзілі і прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні.
Як правіла, чалавеку на судзе імкнуцца кваліфікаваць больш цяжкі артыкул, чым чалавек здзейсніў.. Былі выпадкі, калі змягчальныя абставіны кваліфікавалі як цяжкія. Адначасова са мной па эканамічных артыкулах сядзелі бізнесмены, дырэктары прадпрыемстваў. Яны сведчалі, што ім спецыяльна падсоўваюць хабар, каб у той момант арыштаваць, затрымаць. Дыскрэдытуюць, каб прыбраць з пасады.
На камерсантаў вешаюць больш іскаў, каб выцягнуць з іх грошы. Закрываюць у турму аліментшчыкаў, якія пагрозы не чыняць ніякай грамадству.
Пакінуць новы каментар